2017-07-17 12:35:38
The Vashkevich

"Я была б жонкай футбаліста не горш за Шакіру". Як хадзіць на стадыён, калі твой бойфрэнд — гулец*

"Я была б жонкай футбаліста не горш за Шакіру". Як хадзіць на стадыён, калі твой бойфрэнд — гулец**Альтэрнатыўная назва — "Кантракт на мазі".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

Габрыэла крыху хвалявалася. Усё ж такі ўпершыню збіралася на футбол. Яны сустракаліся пяць месяцаў і вось нарэшце дайшлі да той ступені адносін, калі робяць сур'ёзныя запрашэнні. Ён запрасіў яе на свой футбол. Клайпедскі "Каралас-Б" супраць плікяйскага "Сакуоны-Ругпіеню Каймаса" ў клайпедскай зоне трэцяй літоўскай лігі.

Дагэтуль Габрыэле ніколі не прыходзіла ў галаву схадзіць на футбол. Але, зразумела, яна не магла не згадзіцца. Толькі на ўсялякі выпадак узяла сяброўку.

Дзень выдаўся для ліпеня далёкі ад ідэалу. З раніцы вецер шалёна дзьмуў з мора, шугаючы ў небе чаек, паром на Смілціне качаўся так, што людзі хапаліся за поручні, сонца амаль не было. У старым горадзе схаваліся ўсе прадаўцы марозіва і нават статуя рыбака, здавалася, падмярзае і моршчыцца.

Клайпеда

Бліжэй да гульні сонейка выглянула. Стала прыгожа: дамы на правым баку Канто гатве, а за ім і Спарцінінку гатве па-тэніснаму адбівалі промні ў процілеглы цень.

Габрыэла з сяброўкай дайшлі да трыбункі поля са штучным пакрыццём і селі там, дзе было больш сонца. Яно сляпіла, не давала добра бачыць поле. А назіраць трэба было ўважліва: табло не працавала, і дазнацца пра лік было немагчыма. Хіба толькі запытаць у суседзяў па трыбуне, але іх было чалавек дзесяць. І дзе гарантыя, што яны нічога не прапусцілі?

Габрыэла была амаль так жа далёка ад футбола, як клайпедскі "Акропаліс" — ад гарадскога стадыёна. Яна глядзела некалькі гульняў па тэлевізары — і гэта было неблагім дасягненнем для дзяўчыны, якая пераходзіць з дзявятага класа ў дзясяты. Футбол быў для яе нібы новым школьным прадметам. Не такім цікавым, як біялогія, але дакладна лепей за матэматыку.

Клайпеда

"Выйсці замуж за футбаліста… — разважала Габрыэла, — было б клёва. Некаторыя людзі лічаць, што футбалісты тупыя, дрэнна вучацца. Але вось узяць яго. Ён больш думае пра адукацыю. Не сказаць, што ён нават шмат трэніруецца. Ды і хто ведае, гэты "Каралас"? Збіраюцца абы-як. Калі-небудзь раз на тыдзень".

Яго Габрыэле прапанавала сяброўка: ёсць вольны агент, за якім варта паназіраць. Яна паглядзела фотачкі. Выглядала даволі cute, асабліва тыя, што з футбольных матчаў. Паведаміла сяброўцы: гатова ўзяць маладога гульца на прагляд. Праз дзень прагляд пачаўся: ён напісаў ёй. Цяпер кантракт быў на мазі. Тыпова футбольнае знаёмства ХХІ стагоддзя.

"Жонкам зорных гульцоў шанцуе. Тачкі, сукенкі, дыяменты… Выгляд шыкоўны. Усе ў добрай форме, худзенькія, прывабныя. Багацця шмат. Вось у яго любімы футбаліст — Жерар Піке. Жонка — Шакіра. Вось гэта сапраўды мара! Яна старэйшая за Піке, але такая прыгожая! Я была б жонка не горш за Шакіру. Тым больш што англійскую мову я ведаю", — разважала Габрыэла пад мітусню на полі. Спробы сканцэнтравацца на гульні былі чэснымі, але няўдалымі.

Клайпеда

Асабліва Габрыэла пакутавала першыя хвіліны. Ён пачаў на лаўцы запасных, і на каго глядзець, было зусім незразумела. Камусьці перашкаджалі прабіць, хтосьці святкаваў галы…

"Ці ўзяць Мессі. Вось гэта быў бы муж! Таленавіты і знакаміты. Нядужа высокі, але ўсё ж такі ён прывабны. Валасы прыгожыя. Нашмат больш сэксі за Крышціяну Раналду. У таго ўвогуле было столькі пластычных аперацый…" — яна чытала нешта такое ў інтэрнэце.

Нарэшце замена. Ён выйшаў! Яна ўпілася ў яго вачыма і пачала заўзець. На жаль, мяч далятаў да яго не так часта — ён стаяў бліжэй да сваёй брамы. "Абаронца", здаецца, гэта называецца.

Клайпеда

На гарызонце, за трыбунай вялікага стадыёна, сонца апускалася ў мора, якога было нябачна. Але круглыя партовыя сховішчы нагадвалі, дзе яны знаходзяцца. І нават проста назіраць, як у небе лёталі імклівыя чайкі было цікавей, чым глядзець на поле.

А вось і ён стрэўся з мячом! Бум — і мяч далёка на чужой палове поля. Наступнай сустрэчы давядзецца чакаць яшчэ хвілін пяць. Захапляльная гульня футбол…

Злева ад іх на малым полі бегалі нейкія жыватастыя мужыкі. Справа раптам праехаў па аднакалейцы маняўровы. Ту-у-у-т! Ту-у-у-у-у-т! — равеў ён басам. — До-о-о-о-о-ў-га вам ячшэ сядзець ту-у-у-у-у-у-т!"

Клайпеда

Калі гульня ўрэшце скончылася, яны з сяброўкай падняліся, на ўсялякі выпадак абышлі па доўгай дузе малое поле з пузанамі і чакалі яго. Ён выйшаў з вялікай спартыўнай торбай на плячы, з мокрымі валасамі і стомлена наблізіўся да іх. Паспрабаваў усміхнуцца, але атрымалася так сабе.

— Ну як? — запытаў пасля абдымкаў.
— Ну, нічога сабе. Цікавенька! — адказала Габрыэла. Ён падабаўся ёй, і яна вырашыла не пачынаць.
— Сёння ў нас пары добрых футбалістаў не было. Адразу адчуваеш, калі апорніка не хапае. Каманда быццам без хрыбта, — вінавата сказаў ён.
— Ну чаму? Хіба нічыя — дрэнны вынік? Увогуле даволі нічога. Ну і ты добра адбіваў — падтрымала яна як магла.
— Можа, наступным разам будзе лепш. Гуляем з "Сарэмай". Паглядзім, як яно пойдзе. Ну што? На горад? — запытаў ён.
— Так! — адказала Габрыэла.

Яны рушылі, узяўшыся за рукі, да вялікай, з савецкіх часін яшчэ, брамы стадыёна.

На самой справе "Каралас Б" прайграў 2:3. Але Габрыэла падабалася яму, і ён вырашыў не пачынаць.

БОЛЬШ ФОТА

Клайпеда

Клайпеда

Клайпеда

Клайпеда

Клайпеда

Клайпеда



Комментарии (9)

lonely hedgehog 23 Июл 2017 15:02
Нават такіх балельшчыц на стадыён прыходзіць мала, а шкада. Добры прыклад таго, што спорт аб'ядноўвае. І футбол можа добра паспрыяць далейшаму знаёмству.
sivaf 17 Июл 2017 22:32
grizli, просто показалось похоже.а так ничего личного.
grizli 17 Июл 2017 22:31
sivaf, да, читаю. И что?
sergei1979 17 Июл 2017 22:18
...дамы на правым баку Канто гатве, а за ім і Спарцінінку гатве ...
Постигнувший эту фразу, познает нирвану !