2017-10-03 14:36:27
The Vashkevich

"Глядзім больш Лігу Еўропы, чым Лігу чэмпіёнаў, бо там Яблонскі гуляе". Футбол у раёне, дзе нарадзіліся Капскі і Лаўрык*  

"Глядзім больш Лігу Еўропы, чым Лігу чэмпіёнаў, бо там Яблонскі гуляе". Футбол у раёне, дзе нарадзіліся Капскі і Лаўрык**Альтэрнатыўная назва — "Апошні хатні".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

Над трыбункай ля раздзявален чэрвеньскага стадыёна вісела таблічка: "Месцы для заўзятараў каманды гасцей". Трое фанатаў з Нясвіжа хацелі там разгарнуць свае расцяжкі — яшчэ з верасаўскіх часоў, з арлом.

Але на месцах "заўзятараў каманды гасцей" ужо збіралася талака мясцовых са стажам. Перасаджвацца "дзяды" не збіраліся. Несвіжскія паспрабавалі звярнуцца да міліцыі: ды куды ж нам?

Міліцыянеры падумалі і вырашылі: прасцей перамясціць гасцей на процілеглую трыбуну, чым зрушыць "дзядоў": яны сядзелі тут яшчэ ў часы БССР і сыходзіць з-за нейкіх там таблічак не збіраліся.

Двое з "дзядоў", браты Павел і Юра, упершыню былі на гэтых месцах яшчэ ў 1986-м годзе. Чэрвеньскія гулялі тады з барысаўчанамі (здаецца, перамаглі 1:0). З той пары бывалі яны на стадыёне амаль на кожнай гульні. Сядзелі, балелі, абмяркоўвалі невялічкай сваёй талакой.

Червень

Надвор'е было добрае. З ранку свяціла сонейка, сапраўдных восеньскіх халадоў не было, і Павел з Юрыем шмат паспелі да гульні. Субота суботай, але ж і працаваць трэба. Свой дом — будзеш спаць да абеду, нічога не паспееш.

Падняліся а палове сёмай, перакапалі пад матаблок агарод, каб пасеяць азімыя. Тое-сёе — а справа ўжо да двух гадзін. Трэба на веласіпеды — і на стадыён. Нядзеля, 14.00 — асаблівы час для ўсіх, хто хадзіў у 2017-м на першынство Мінскай вобласці. Апошні хатні матч у сезоне. Чэрвеньскі "Колас", як і госці з Нясвіжу, на высокія месцы ўжо не прэтэндэнт, але паглядзець ахвота. Варта зрабіць перапынак у сельскагаспадарчай спрацы.

Братоў у Чэрвені кожны ведаў. Едзе хто з іх па вуліцы — крычаць: "Прывітанне, брат!" "Брат" — гэта каб не памыліцца. Блізняты яны — аднолькавы выгляд, аднолькавыя кепкі, аднолькавыя вопраткі, аднолькавыя веласіпеды. Тут нарадзіліся, тут 55 гадоў пражылі і пабачылі столькі футболаў, што не распавесці ні за 90 хвілін, ні за 900.

Гэты сезон атрымаўся паганым. Нападзення няма, і гульні ніякай не бачна. Прайгравалі часта з-за сваіх памылак. Шмат момантаў не забілі. Не тое, што ў 2015 годзе. Тады было каму гуляць. Дзяніс Трапашка прыязджаў, дапамагаў. Ці ў часы, калі Жэня Яблонскі гуляў — гэта было вышэйша! Раскідваў пасы, капітанам быў.

Червень

Юра і Павел пільна сачылі за ўсімі чэрвеньскімі ў вялікім футболе. За Трапашкам, Лаўрыкам, які цяпер быў спартыўным дырэктарам мінскага "Дынама". Ну і вядома — за Яблонскім. Звычайна больш глядзелі Лігу чэмпіёнаў — на "Барселону". Але сёлета пераключыліся на Лігу Еўропы, бо там — "наш Жэнька". Чэрвеньская зямля ўвогуле багатая на таленты. "Вось і Капскі таксама з нашага раёна, з Дубровы. Але яго мала ведаем, ён у Барысаве больш жыў". Выйшлі на поле каманды, і палілася гаворка талакі на "месцах для заўзятараў гасцей".

— Хлопцы, хлопцы, — уздыхалі "дзяды" пасля кожнай няўдалай атакі. — Мрынскага няма — нічога няма наперадзе.

Спрачацца няма аб чым было. Заўзятара са стажам не падманіш. Галоўнае — добрая гульня. Але яны хадзілі і на сярэднія гульні, і на дрэнныя. Усялякае адбывалася на гэтым стадыёне. Ніколі не было толькі сапраўдных боек. Як бы ні судзілі арбітры і не мазалі футбалісты, усё роўна ім даравалі.

— А што, браты, ці не купіць вам, нарэшце, мапеды?
— Ай не! Правы патрэбны. І ў шлеме тады трэба ездзіць.
— У шлеме і на веласіпедзе патрэбна. А ўвогуле так.
— Хутка ўжо і на мотаблок правы будуць неабходны. Ды й дорага.
— Зараз усё дорага. "Прэсбол" вунь як падаражаў. І выходзіць толькі два разы на тыдзень. Не выпішаш ніколі.
— Ды бей жа!
— Куды?! Хто цябе так біць прасіў?

Червень

Вецер насіў лісце і павуцінне. Канец цяплу, канец сезона, канец футбола. "Колас" не падымецца вышэй за шостае месца, але і не апусціцца ніжэй сёмага. Гэта з дзесяці магчымых. Такія сезоны таксама бываюць — не ўсім жа чэмпіёнамі быць.

Той футбол, які "на вобласць", — лагодны футбол. Ён даруе хібы і промахі. Ён дазваляе быць няўдалым. Галоўнае, каб стараліся хлопцы. А на іх гледачы ўсё роўна прыйдуць. І зорны Жэня Яблонскі ў вольны час загляне пасядзець на гэтых простых трыбунках. Бо нават пасля таго, як згуляў у Лізе чэмпіёнаў, не забудзеш сваю радзіму, калі ў цябе сапраўды ёсць радзіма.

Червень

Гэтыя двары, дамы, помнікі і цэрквы, і браты Юра і Павел — яны ў тваім сэрцы назаўсёды. Бо яны — такая ж частка стадыёна, як дрэвы і бегавыя дарожкі.

Вы запытайце ў братоў, якое ў іх у Чэрвені любімае месца — і яны разам адкажуць: вядома, стадыён! Ды яшчэ ФАК, дзе і спаборніцтвы, і міні-футбол. І прыпынак аўтобусаў ля ФАКа зрабілі ў выглядзе футбольнай брамы і нават урна для смецця — як мяч. Запытайце, безумоўна! Ды не пераблытайце, дзе Юра, а дзе Павел.

Толькі паехалі яны ўжо дахаты на сваіх веласіпедах. Сезон скончыўся, глядзець больш няма на што. Ды і не будзеш увесь час толькі лапатаць. Працаваць жа таксама трэба.

БОЛЬШ ФОТА

Евгений Яблонский в качестве зрителя на матче первенства Минской области в Червене


"Талака" на футболе в Червене

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень

Червень





Комментарии (11)

trinem 30 Окт 2017 19:38
Объявление зачётное )))
lonely hedgehog 04 Окт 2017 10:51
Шаноўны nedomanski, вельмі прыемна сустракаць на форуме людзей, не толькі неабыякавых да роднай мовы, але і з добрым яе веданнем. Немалая заслуга ў гэтым А.Вашкевіча і яго беларускамоўнай калонкі. Тое, што на форуме няма магчымасці паведамляць пра памылкі без фарміравання паведамленняў, канешне, істотны недахоп, на які ўжо шмат разоў звярталі ўвагу. І тое, што арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі (і не толькі ў беларускамоўных матэрыялах) тут выпраўляюць са спазненнем і далёка не заўсёды. Няма межаў дасканаласці. Калькі з рускай мовы - вынік моцнага ўплыву рускамоўнага асяроддзя і недастатковай моўнай практыкі ў штодзённым жыцці. Узгадваюцца творы М.Багдановіча, не толькі паэтычныя, але і артыкулы. Там таксама было шмат рускіх слоў, але тое, колькі паэт зрабіў для развіцця мовы, яе ўнармаванасці, шматразова важней і каштоўней, чым граматычныя памылкі. Штосьці падобнае маем і на форуме. Аўтар выдатна перадае эмоцыі, настрой, спалучае мастацкае слова з фатаздымкамі, а недакладнасці і памылкі - дадатковая прычына заглянуць у падручнік і ўспомніць забытыя правілы :)
nedomanski 03 Окт 2017 20:14
"lonely hedgehog" писал(а):
Мова - як жывы арганізм, яна не можа быць нязменнай. З цягам часу з'яўляюцца новыя словы, выразы"

lonely hedgehog, не зусім пра тое кажа сп. p11222. У сп. Вашкевіча сапраўды з пэўнай рэгулярнасцю сустракаюцца розныя недакладнасці: і арфаграфічныя, і граматычныя, і лексічныя. У прыватнасці, даўно пара паправіць радок Аб аўтары — па-руску або па-беларуску (замест Аб аўтары павінна быць Аб аўтару).

Канкрэтна ў гэтым матэрыяле можна звярнуць увагу на:
некарэктную канструкцыю Спрачацца няма аб чым было (карэктна будзе Спрачацца не было аб чым);
пачатак сказа Тое-сёе — а справа ўжо да двух гадзін. Тут сапраўды відаць, што "ногі растуць" ад рускага "то да сё", якому ў гэтым кантэксце "тое-сёе" аніяк не адпавядае. Можна было б напісаць так: "Туды-сюды - а ўжо другая гадзіна на носе" (бо "справа" тут таксама недарэчы). Ну і замест "двух (гадзін)" мае быць "дзвюх".

Акрамя таго:
Несвіжскія трэба пісаць з "я": Нясвіжскія (бо націск на першым "і");
не падман[i]іш[/i], а падманеш і г. д.

Але я не буду такі ж катэгарычны, як сп. p11222, бо лічу, што ўсе гэтыя шарахаватасці - дробязь у параўнанні з тым духам, які нясуць матэрыялы сп. Вашкевіча. Духам чагосьці роднага, свайго, які ідзе і ад фактуры, і ад зместу, і ад беларускай мовы.

А каб была на сайце опцыя "паведаміць пра памылку", як гэта ёсць на "Нашай Ніве", я б сёе-тое папраўляў, калі меў бы час. І было б так, што матэрыялы гэтай рубрыкі задавальнялі б кожнага чытача ва ўсіх адносінах. Але, на жаль, такой опцыі няма.
makswit 03 Окт 2017 19:48
Нармальны артыкул. Бачна, што аўтар стараецца. Сп.Вашкевіч прыдатны да бел.мовы, нельга сказаць, што бел.мова і сп.Вашкевіч знаходзяцца на процілеглых паловах Зямлі. Па мне то хай піша. Трэба яшчэ памятаць, што ён мусіць прытрымлівацца афіцыйнага бел.правапісу, так што ягоныя рукі не зусім тут вольныя. А так-то да - яму, як і ўсім нам, яшчэ маецца прайсці доўгі шлях да авалоднання моваю.
Yurio 03 Окт 2017 17:55
За "мову", именно поэтому поддерживаю мнение:
Цитата:
"Андрэй, Вы не валодаеце беларускай мовай, яна не з'яуляецца для Вас роднай.
Тое, што Вы пiшаце - гэта не на беларускай мове, а на нейкай выдуманай Вамi мове.
Не ганьбiце родную мову, пiшыце лепш на рускай мове."