2017-10-06 08:07:48
The Vashkevich

"Фоткай у інстаграме магу набраць 90 лайкаў". Аб чым каркаюць крумкачы на стадыёне БДАТУ*

"Фоткай у інстаграме магу набраць 90 лайкаў". Аб чым каркаюць крумкачы на стадыёне БДАТУ**Альтэрнатыўная назва — "Пасля петраграфіі".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

Павольна падала лісце з дрэў. Павольней толькі выбіралі адрасата для перадач гульцы "Энергетыка"-БДАТУ і зборнай "Тэрыторыі Футбола". Здавалася, нават крумкачы на жоўтых ветках смяяліся: "Кар-р-р! Кар-р-р! Мы не вы, гуляем супер-р-р!"

Мікіта, студэнт БДУ, 1997 года нараджэння, сядзеў на трыбунке стадыёна БДАТУ з капюшонам на галаве, "Раксэтам" ў навушніках і думках аб будучыні.

З мінулым было больш-менш зразумела. Нарадзіўся ў Гомелі, бацькі павесілі над ложкам карту свету, і заглядзеўшыся на яе, Мікіта вырашыў стаць географам. І вось цяпер ён трэцякурснік геафака, а вакол — кастрычнік 2017-га. Прачнуўся а палове дзесятай, зварыў аўсянкі, схадзіў на петраграфію, паслухаў пра сярэднія вулканічныя пароды, шмат чаго спадабалася.

Будучыня пакуль была адзначана лёгкім пункцірам: калі не знойдзе нармальную працу пасля выпуска — рушыць ў магістратуру. Але гэта была тая будучыня, аб якой не надта ахвота было разважаць. Куды прыемней сагравала думка аб тым, што хутка гульня скончыцца і ён паедзе ў родны Гомель.

Минск

За "ТФ" гуляў сябра Сяргей Задарожны, які абяцаў: пасля гульні возьмем дамоў. Тэма супер! З Мінска да самага Залінейнага.

Павольна падала лісце з дрэў. Павольней цягнуўся толькі час першай паловы гульні. Другая ліга, трэці беларускі дывізіён — спецыфічнае відовішча. А тут яшчэ і зборная "ТФ" прапусціла. Гуляла няблага, але пару разоў задрамала пад шэлест лістападу — і 0:1. "Канцэнтр-р-рацыя, дзе канцэнтр-р-рацыя?" — каркалі крумкачы над полем.

Калі б не транспартная акалічнасць, ці прыйшоў бы ён на гульню? "Каб на гэта глядзець, трэба вельмі любіць футбол", — сказала б асоба незалежная. І Мікіта любіў. Асабліва футбол родны, гомельскі, ва ўсіх яго праявах. Першай гульнёй у яго жыцці была сустрэча "Гомель" — "Шахцёр" на "Цэнтральным". Гэта звычайна вырашае ўсё і назаўсёды. Ў Мікітавым выпадку адбылося менавіта так.

Цяпер футбол ён любіў больш за ўсе ў жыцці. Нават больш за "доту".

На "доту" ў яго звычайна ішло гадзін дваццать у тыдзень. Гуляў, глядзеў стрымы ды хайлайты іншых гульцоў. На футбол, зразумела, значна менш. Але футбол круцей за "доту", бо больш інтэрактыўны. А ўвогуле як параўнаць? У "доце" Паладзін, у футболе Блізнюк — розныя героі.

Минск

Было ціха, і толькі эмацыянальныя крыкі на поле разрывалі паветра пасля кожнай атакі. Не ўсе выкрыкі былі нецэнзурнымі. Праз два разы на трэці трапляўся і амаль паважлівы зварот "уроды". І "энергетыкі", і "ТФ" аказаліся камандамі эмацыянальнымі. Калі б на гэтую гульню прадавалі білеты, на іх варта было б паставіць "18+". Але білетаў не было, былі толькі два сумуючых міліцыянера, якія нікога не прыпынялі, у сумкі не лезлі і ўвогуле паводзілі сябе як нармальныя людзі.

БДАТУ — стадыён без асаблівых прыкмет. Не "Цэнтральны", не "Лакаматыў" і нават не "Сяльмаш". На ім усё як мае быць: табло з драўлянымі шыльдачкамі, трыбуны па тры рады ў кожнай і нават навес, пад якім можна схавацца ад дажджу. Там жа стаяў відэааператар і вадзіў камерай з боку ў бок.

Стадыён выключна для таго футбола, на якім няма сэнсу інстаграміцца нават Мікіце, які па 90 лайкаў простым фотаздымкам збірае. І тут можна было б штосьці сабраць, але было холадна і неахвотна нават вымаць рукі з кішэняў.

Минск

Минск

Заставалася толькі заўзець за "Тэрыторыю Футбола". Усё ж гомельскія, і Сярожка Задарожны на лаўцы запасных. Ды і ўвогуле гульня багатая выбітнымі прозвішчамі: у "ТФ" у аснове Чыж, у "Энергетыка"-БДАТУ — Пыжык. Лось і Бараболкін таксама на паляне.

Мікіта, фан-сектар з аднаго чалавека, сачыў за футболам са здаровай цікавасцю бесклапотнага заўзятара, дасціпна чакаючы гола ад сваіх. І ён яго дачакаўся. Незадоўга да фінальнага свістка Лось, магутны суперцяж з абліччам, адпавядаючым прозвішчу, трапна стрэліў у бліжні.

"У збор-р-рную, у збор-р-рную!" — скакалі па ветках крумкачы. Павольна падала лісце з дрэў. Павольней толькі рухаліся стрэлкі на вежы гадзіннікавага завода.

Минск

Нарэшце дацярпелі да цалкам лагічнай нічыёй — 1:1. Перамагло не сяброўства, а старанне. Абедзьве каманды хацелі большага, але атрымалі прыкладна тое, што заслугоўвалі.

Мікіта падняўся з трыбункі са сваёй дарожнай сумкай і пакрочыў да корпуса з раздзявальнямі. Сяргей стаяў каля лаўкі за плотам, абмяркоўваючы гульню з партнерамі. "Хутка паедзем!" — сказаў ён Мікіце.

Першая паездка з сапраўднай камандай. Пачыналіся прыгоды!

БОЛЬШ ФОТА

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск



Комментарии (7)

AZ 08 Окт 2017 16:43
Мала студэнтау на трыбунах..
Silhouette 06 Окт 2017 21:29
"Fantomas-05" писал(а):
Проста гэта -Восень хлопцы,беларуская восень) ну дзяк за агляд,фотаздымкі ..студэнцкія справы."

Лепш пра тую дзяучыну з фоткi напiсалi бы чым пра Мiкiту i доту :p
czesare 06 Окт 2017 12:43
"Аб чым каркаюць крумкачы на стадыёне БДАТУ*
беларусы кажуць: крумчэць, крумчаць, крунуць
Аб чым крумчаць (крумчаюць) крумкачы на стадыюме БДАТУ
А лепш сказаць: "Пра што крумчаюць крумкачы на стадыюме БДАТУ", тады чуецца ў сказе мелодыка мовы...
Рэкамендую для сваіх хлопцаў выдатную крыніцу роднай лексікі: http://www.slounik.org/stanbr
ГЕША 06 Окт 2017 12:28
У працяг першага фотаздымка :)


Fantomas-05 06 Окт 2017 11:59
Проста гэта -Восень хлопцы,беларуская восень) ну дзяк за агляд,фотаздымкі ..студэнцкія справы.