2017-10-25 13:18:25
The Vashkevich

"На апошнім радзе адкрылі шампанскае, пад трыбунай — нешта мацнейшае". Заўзятар, які прыляцеў у Паставы на самалёце*  

"На апошнім радзе адкрылі шампанскае, пад трыбунай — нешта мацнейшае". Заўзятар, які прыляцеў у Паставы на самалёце**Альтэрнатыўная назва — "Адамавіч".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

Хлоп! На апошнім радзе пастаўскага стадыёна адкрылі бутэльку шампанскага. Людзі ў капюшонах падставілі пластыкавыя стаканчыкі і выпілі.

Адамавіч не звяртаў на іх увагі. Ён пільна сачыў за тым, што адбывалася на полі, дзе білі наперад у пошуках гульні мясцовыя "Паставы"-ПМЦ і віцебскі "Газавік". Вада ў бясконцай лейцы дажджу ніяк не заканчвалася, матч атрымліваўся слабенькім. Але Адамавіч і не думаў пакідаць трыбуну з рудымі дынамаўскімі крэсламі, якія дажывалі цяпер свой век у Паставах.

Поставы

Ён памятаў, як тут з'явіліся гэтыя крэслы, якія лаўкі былі да іх і якія — да тых, папярэдніх. Адамавіч жыў у Пастаўскім раёне столькі, што ўжо і ня верыцца. Яго саліднаму "Мерседэсу" ў 2017-м споўнілася аж 30 гадоў. Самаму Адамавічу — 78. "Чатыры гады таму перажыў інсульт, зараз чакаю інфаркта", — казаў ён і ўсміхаўся.

"Паставы"-ПМЦ заўзята і бесталкова ішлі ў атаку.

— Давай бі! Ай, ну што ж ты! — як малады схапіўся Адамавіч за кепку і сарваўся з месца.

Так ён падскокваў увесь сезон. Не прапусціў ніводнага матча. І не збіраўся прапускаць. Калі любіць — дык на усё жыццё. Пытання "ну што там глядзець?" Адамавіч проста не разумеў. "Надвор'е кепскае, гульня — дрэнь, першынство вобласці, стадыён — абы што, ніякага навеса", — даказвалі яму. "Не разумееш, дык не кажы", — толькі махаў рукой. І ехаў на футбол.

У сезоне-2017 на футбол хацелася як ніколі, аж цянула з пустой хаты. Жонка, з якой пражылі больш за 50 гадоў, памерла. Чорны май, пасля якога стала нясцерпна ціха ў пакоях і на двары. Даўно вырасла дачка, скончыў мараходнае вучылішча і зараз ходзіць у Ахоцкім моры ўнук. Усе паехалі, а ён застаўся.

Адамавіч разумеў, як гэта бывае. Ён нарадзіўся ў талачынскім раёне, адслужыў у арміі, адвучыўся ў інстытутце механізацыі сельскай гаспадаркі і па размеркаванні прыбыў сюды, на Пастаўшчыну, у 1966-м. Дзіва ўспомніць: прыляцеў на самалёце. Тады яшчэ курсіравалі "кукурузнікі" з Мінска да Пастаў, садзіліся ў Азярках, а потым цягнуліся далей, на Браслаў.

Поставы

У Пастаўскім раёне і адпрацаваў жыццё. Усё паспеў, наракаць няма на што — прыйшла пара і да сырой рыхтавацца. Без жонкі стала пуста. Сум, бывала, душыў. Галавой усё разумеў, ды сэрцу не растлумачыш.

Адамавіч падымаўся а семай гадзіне нават у выхадныя. Еў звычайнае сняданне: смятану, сыр, яйкі ад сваіх кур. А далей — трэба сябе заняць. Як гэта рабіць цяпер? Аграгарадок Юнькі — гэта ж амаль горад, цывілізацыя. І каналізацыя, і газ, і вада гарачая. Усё ёсць, завіхацца па хаце не трэба. Сядзі ды тэлевізар глядзі.

Ён любіў выхадныя, калі ў Паставах гулялі ў футбол. Заводзіў свой "Мерседэс", ехаў шэсць кіламетраў да стадыена, ставіў машыну і ішоў на трыбуну. Дождж, холад — памех яму не было. Тым больш што і сябры-знаёмыя заўсёды побач. Абмеркаванне гульні, апошнія навіны — звычайныя трыбунныя размовы.

— Ведаеце? Ігар Нікалаеў да нас прыязджае!
— Кажуць, білетаў ужо няма. Усе разабралі.
— А вы чулі, як начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Кандыбін спявае? Кажуць, лепей за Стаса Міхайлава. У нас выступаў нядаўна, таксама ўсе білеты прадалі,
— смяяліся між свісткамі.

Дождж рупліва паліваў усіх 38 гледачоў. Каманды дэманстравалі звычайную для першынства вобласці валтузню. Трэнер гаспадароў пад парасонам угаворваў сваіх націснуць "яшчэ трошкі". Трэнер гасцей патрабаваў ад сваіх другі гол, "каб усе супакоіліся".

Поставы

У першым радзе сядзеў нейкі яго знаёмы. На 35-й хвіліне гульні яшчэ адзін з дэлегацыі гасцей прынёс трэнеру рукзачок. З гэтым рукзачком коуч і яго сябар пайшлі пад трыбуну, дзе адкрылі яшчэ адзін "міні-бар" — альтэрнатыўны шампанскаму.

Каманда не заўважыла адсутнасці трэнера. Яна, як і раней, імкнулася забіць другі. Але гол усё не прыходзіў, і трыбуна поўнілася надзеяй.

— Слухай ты, бакавы, ты ўжо зусім а...ў? Глядзі хоць трохі на поле! — крычаў заўзятар у кепцы.
— Ты зараз адсюль на суткі паедзеш, — паварочваўся да трыбуны арбітр. Гэтыя двое ўжо гатовыя былі сысціся ў сапраўднай бойцы, але гульня працягвалася і ў спрэчцы наступаў вымушаны мір.

Адамавіч не звяртаў на ўсё гэта ўвагі. Яго цалкам захапіла гульня. Нават вочы маладзелі ад гукаў удараў па мячу. Яны былі нібы антонімам пранізлівай цішыні пустой хаты без жонкі.

"Паставам"-ПМЦ не шанцавала. Не забілі пенальці, запаролі пару добрых момантаў. Спрачацца, што "Газавік" мацнейшы, ніхто не збіраўся. "Але хоць бы адзін гол", — казаў Адамавіч суседзям па трыбуне.

Ад гульні ён заўсёды чакаў свята, як у мінулыя выхадныя, калі разнеслі 7:2 Гарадок. Ды такое, зразумела, кожны дзень не здарыцца. Асабліва калі гуляеш з адной з лепшых каманд вобласці. І другі гол, безумоўна, у вароты гаспадароў заляцеў.

Поставы

Гульня скончылася, сезон таксама быў напрыканцы. Адамавічу час быў вяртацца ў свой апусцелы дом. Думка аб гэтым засмуціла яго на імгненне, але хтосьці з знаёмых сказаў:

— Адамавіч, ты ведаеш, што хутка ўжо валейбол пачынаецца? Мо, нават на наступных выхадных.
— Ведаю-ведаю! Буду абавязкова!


"Лета правялі з футболам, зімаваць будзем з валейболам. Трэба ж за нашых, за пастаўскіх, пабалець як след", — падумаў Адамавіч, выходзячы са стадыёна, і стары сябар "Мерседэс" па-змоўніцку падмігнуў яму.

БОЛЬШ ФОТА

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы

Поставы





Комментарии (15)

Александр Витальевич 1975 27 Окт 2017 07:30
Меня тоже в детстве учили, что капялюш - это шляпа.
Александр Витальевич 1975 27 Окт 2017 07:24
И я в детстве с отцом в Поставы на кукурузнике летал. На всё лето, на каникулы к бабушке. 40 минут - и ты в Поставах. На автобусе Икарусе надо было пилить 6 часов через Молодечно и Нарочь.
underbus 26 Окт 2017 09:12
Цудоўны артыкул, як быццам дакрануўся да гэтай спусьцелай хаты Адамавіча.
Мне здаецца, што сіла Беларусі ў такіх невялікіх гарадах, мястэчках, весках і яна нажаль знікае.
Bullean_clon 26 Окт 2017 03:31
Патрыёт Беларусi i свайго роднага кута, але сын служыць у Ахоцкiм моры. Такая справа! Нiкуды ад гэтай дваякасцi не дзенешся.
швейк 25 Окт 2017 23:50
Душевно написано, хорошо. Фото прекрасны.