2017-11-11 09:50:01
The Vashkevich

"На поле ніхто не выбягаў. Буянілі толькі п'яныя літоўцы". Футбол у горадзе, дзе быў адзіны ў Латвіі ЛПП*  

"На поле ніхто не выбягаў. Буянілі толькі п*Альтэрнатыўная назва — "Усё пад кантролем".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

"Гэй, вы! Так, так, вы! Двое з бляшанкамі сідра "Somersby"! Калі ласка, прыбярыце алкаголь! На стадыёне ўжыванне спіртных напояў забаронена. Так што альбо выкідваем, альбо прыпыняем фуршэт, хаваем і працягваем дома".

"Спадар, паводзьце сябе, калі ласка, прыстойна. Давайце без мацюкоў! На стадыёне дзеці, і ўвогуле гэта публічнае месца!"

"Спадарка на высокіх абцасах! Калі ласка, не заходзьце на бегавую дарожку. Вы пашкодзіце пакрыццё. Звярніце ўвагу на аб'яву на ўваходзе!"


Калі ты сцюард, няма ў цябе ні імя, ні прозвішча, ні любімага клуба, ні гульні. 90 хвілін спіной да поля і тварам да трыбуны. У поўнай канцэнтрацыі, забыўшыся на футбол. Калі гэта гульня зборнай Латвіі на "Сконта", і добры супернік, і, напрыклад, Крышціяну Раналду на полі, — бывае і цяжкавата.



А калі гэта другі дывізіён чэмпіянату Латвіі ў Олайнэ — іншая справа. Адцягваць увагу няма чаму. Ніякіх спакус у радыусе 22 кіламетраў — да самай Рыгі.

Олайнэ — гарадок без асаблівых адмецін. У савецкі час тут быў адзіны на ўсю Латвійскую ССР лячэбна-працоўны прафілакторый — сумна вядомы ЛПП. Ён даўным-даўно зачынены. Хіба што касцёл тутэйшы варты ўвагі.

Касцёл — адразу за стадыёнам. Хто на трыбунах сядзіць, можа і маліцца пакрысе. За сям'ю, за сябе, за футбольны клуб "Прагрэс/Олайнэ" з другога дывізіёна чэмпіянату Латвіі.

Спіной да яго і спіной да касцёла адстаялі ўвесь сезон-2017 сцюарды. З галоў бачылі хіба тыя, што з пенальці — на гэта яны яшчэ маглі адвярнуцца і хуценька паглядзець. Астатняя валтузня футбольнага мінора праходзіла міма. Але грошы плацілі, ды і з клубам добрыя адносіны ў ахоўнага агенцтва — чаму не зарабіць?



"Калі ласка, прыбярыце алкаголь! Нельга яго тут ужываць", — і жэст: два пальцы ля шыі.

У той дзень адбывалася сустрэча, на якой вырашалася, колькі разоў у сезоне-2017 сцюарды з'ездзяць у Олайнэ. Супернік — "Гробіня" — быў вышэй у турнірнай табліцы, на другім месцы. "Прагрэс" даганяў і вось нарэшце дабраўся да трэцяга. Другое давала права гуляць у пераходных матчах з горшай камандай вышэйшай лігі.

Асаблівы перац быў яшчэ ў тым, што ў Гробіне "Прагрэс" саступіў 1:4. І каб гарантаваць сябе плэй-оф, олайнцы павінны былі выйграваць з розніцай больш чым тры галы.

Сцюарды пад'ехалі з Рыгі як заўжды загадзя. Моўчкі сталі на абодвух канцах адзінай трыбуны і сталі сачыць за заўзятарамі. За сезон яны ўжо ведалі кожнага ў твар.

Вось адзіны сапраўдны фанат. У жоўта-сінім шаліку, хоць каманда гуляла ў гэтым сезоне ў жоўта-чорным — што зробіш: Д2 ёсць Д2. Фанат таксама пры шапцы і акулярах. Гэта яго глухі крык "О-лай-нэ! О-лай-нэ!" разносіўся над стадыёнам кожны выхадны.



Прыйшоў мужчына-франт — з фасонным кійком, у паліто, у белай "вадалазцы" і нават у белых шкарпэтках. Звычайна ён енчыць, стукае кіем па крэсле, ходзіць курыць у напружаныя моманты, або калі каманда прапускае.

Прыйшла тройка заўзятараў са стажам. Яны доўга таўкліся ля турнірнай таблічкі ля ўваходу, лічылі розніцу галоў, прыкідвалі варыянты, думалі, што рабіць з паўабаронай.

Прыйшлі дзяўчыны — гэта як звычайна, падтрымаць сваіх бойфрэндаў. Прыйшлі сябры гуляючых. Карацей, прыйшлі ўсе, хто звычайна прыходзіў на гэты стадыёнчык са штучным пакрыццём. Ніякіх незнаёмцаў, патэнцыяльна небяспечных, не было.

Вядома, і знаёмыя, як заўжды, прыпруць піва ці сідр. Але гэта зразумела: сюда прыходзяць адпачываць, а што за адпачынак без умеранага алкагольнага рэлаксу?



Сезон прайшоў спакойна. Фанат ні разу не запаліў фаер, франт не выбег на поле з гістарычным флагам Латвіі, дзеўкі — не кінулі ў гульца супернікаў "Прагрэса" запальнічку.

Неспадзёўка была толькі аднойчы, улетку. Да кагосьці ў Олайнэ прыехалі знаёмыя з Літвы. Ад добрага настрою прыйшлі на стадыён, каб працягнуць свята сустрэчы. І пачалі буяніць. Безумоўна, ніякага спецыяльнага рэзерва ў сцюардаў на гэты выпадак не было. Ледзь змагліся самі. Угаманілі і вывелі са стадыёна. Прыйшлося пару раз ператрахнуць гасцей з поўдня.

З "Гробіней" усё павінна было быць без такіх праблем. Сапраўднае свята футбола. Галоўнае, каб олайнцы выйгралі. І безыменныя сцюарды балелі за гаспадароў, да якіх прыкіпелі за гэты даўгі сезон.

І гол яны ўсё ж такі пабачылі — з пенальці. А ўсяго іх было пяць — як раз, каб вырашыць усе сумненні: "Прагрэс/Олайнэ" будзе спрачацца за выхад у вышэйшую лігу.


Асабліва радаваўся цэнтрфорвард олайнцаў — сяды азербайджанец Вугар Аскераў. Ён вельмі стараўся, а калі забіў два — пачаў размаўляць з трыбунамі: "Ну што, хто тут ухмыляўся, ды ўжо не ухмыляецца?"

Потым быў фінальны свісток, захапленне тых, хто за Олайнэ, сумесная фотка фаната і Аскерава… Сцюарды пастаялі яшчэ трошкі, паглядзелі на ўсё гэта нейтральнымі вачыма і рушылі на выхад. За сваіх падапечных яны ўсё ж такі крыху заўзелі, але не настолькі, каб гэта паказваць. Гульня скончылася, і цяпер стадыён зноўку належыў усім жыхарам Олайнэ: прыходзь і гуляй.

Людзі, якія пакідалі стадыён, таксама развітваліся і са сцюардамі. Іх тут ведаў кожны сабака. І нават кожны кот.









Комментарии (4)

Bu88on 12 Ноя 2017 13:33
Котяры в поряде)
Согласен!
Антананариву 12 Ноя 2017 10:05
Цитата:
" Яны доўга таўкліся ля турнірнай таблічкі ля ўваходу, лічылі розніцу галоў, прыкідвалі варыянты, думалі, што рабіць з паўабаронай "

Зачёт))
lonely hedgehog 12 Ноя 2017 09:04
І табліца першыства ёсць, у прыклад нашым раённым газетам :)
aladim 11 Ноя 2017 21:48
котяры в поряде)