2018-01-07 14:54:44
The Vashkevich

"Дзед гоніць самагон і дабаўляе ў каву?" Яны пакаштавалі, што п'юць на мараканскім Д3

"Дзед гоніць самагон і дабаўляе ў каву?" Яны пакаштавалі, што п*Альтэрнатыўная назва — "Берберскія зёлкі".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

"Ціхад" з Касабланкі прымаў "Стад Маракен" з Рабата. Гулялі два некалі вялікія клубы — рабатцы да другой сусветнай нават двойчы былі чэмпіёнамі краіны. Зараз дагуляліся да таго, што сустрэліся ў трэцім дывізіёне.

Матч запёрлі на "Эссухур Ассаўда" — маленькі стадыён у Рош Нуар, усходнім раёне Касабланкі. Народу было — галяк. Прыйшлі некаторыя мясцовыя з прадбачліва захопленымі картонкамі — каб не сядзець на голым бетоне.

Бетон астываў імгненна. Толькі сонца зайшло за брыль над трыбункай, як сядзець стала зусім немагчыма — холад праз азадак хутка падымаўся наверх па пазванках да самай галавы так, што аж закладвала вушы.

Не Іспанія — ніякага буфета з булёнам няма. Сядзі і мерзні. Ксеня ўселася на маю куртку. Я мужна зарабляў прастаціт.

У сярэдзіне тайма ў першым радзе раптам з'явіўся калматы стары з вазком. На ім стаяў вялікі чайнік, які неяк грэўся. Нягледзячы на паўбамжаваты выгляд дзеда, раптам смяротна захацелася гарачага.

Касабланка

Я не вытрымаў і сказаў Ксене:

— Я вазьму ў яго гарбаткі. Ці кавы. Ці што ў яго там. Немагчыма ўжо на гэтым бетоне сядзець.

Ксеня пакруціла галавой:

— Атруцішся яшчэ! Падазроны гэты дзед. Не бяры.

— Ладна, — адказаў я. — Давай паглядзім. Калі людзі будуць браць, дык і я вазьму. Яны ж напэўна ведаюць, што п'юць. Не першы раз тут.

Людзі бралі на дзіва жвава. Кожную хвіліну да дзеда падыходзілі. Ці махалі рукой — і ён прыносіў шкляначкі сам.

Я спусціўся да дзеда і працягнуў манету ў пяць дырхамаў. Ён адлічыў тры з паловай дырхама рэшты і спрытна наліў свайго пітва. Стакан быў зусім маленькі.

Касабланка

Я вярнуўся на сваё месца да Ксені, пакаштаваў крышачку і афігеў. У роце хораша запякло, як пячэ ад кавы з каньяком, гарбаты з "Егермайстарам", ад...

— Ксеня, пакаштуй!
— Ай!
— Пакаштуй, кажу!


Ксеня чуть прыгубіла. Твар яе імгненна змяніўся са скептычнага на здзіўлены.

— Гэта ж...
— ...алкаголь?
— Дай пакаштаваць яшчэ,
— яна глытнула больш.
— Ну-у-у...
— Дай мне.


Касабланка

Мы разам апустошылі стаканчык і нічога не зразумелі.

— Пайду вазьму яшчэ, — сказаў я праз дзесяць хвілін. — Табе браць?
— Бяры.


З трыма дырхамамі я збег уніз да дзеда. Ён без слоў ухапіў сваё невялічкае сіта, памяшаў у чайніку і нацадзіў яшчэ дзве шкляначкі. Мы хуценька выпілі іх і ўсё роўна нічога не зразумелі.

— Я паддаты цяпер? — запытаў у Ксені.
— Калі ты паддаты, тады і я паддатая. І мы не можам ідэнтыфікаваць, цвярозыя мы, ці не.

Няўжо там сапраўды алкаголь? У Марока? Ліберальнай, але ўсё ж такі мусульманскай краіне, дзе за самую танную бутэльку шампанскага просяць 50 еўра?

— А што, калі дзед рэальна дома паціху гоніць самагон і дабаўляе ў каву?
— Ва ўсялякім разе нашлі тлумачэнне, чаму гэтая штука карыстаецца попытам. Глядзі, усе бяруць!


Паміж таймамі ля дзеда паціху сапраўды збіралася чарга. Футбол, ніякі, недарэчны, незразумелы, пасля перапынку стаў чамусьці цікавейшым.

Касабланка

— Не, мы не можам гэта так аставіць. Трэба выясніць! — сказаў я ў сярэдзіне тайма і пайшоў за трэцяй порцыяй.
— Не прапі ўсе грошы!
— усміхнулася Ксеня.

— Эске-сэ іль я алкаголь? — запытаў я ў дзеда.

Той мармытаў на арабскам нешта незразумелае.

— Алкаголь? — перапытаў я і паказаў на чайнік.

Дзед згодна кіўнуў — відаць, каб я адвязаўся і не перашкаджаў працаваць. Было зразумела, што французскага ён не ведае.

Два чарговыя стаканчыкі пайшлі ў нас залпам.

— Гэта вышэй майго разумення. Нібыта алкаголь, але здаецца, што не алкаголь.

"Стад Маракен" і "Ціхад" валтузілі адзін аднаго без усялякага сэнсу. Госці вялі 3:0, заўзятары брахалі на суддзю так, што заглушалі каментатара ў навушніках.

Касабланка

Калі да дзеда падыйшоў яшчэ адзін мужык у больш-меньш еўрапейскім адзенні, я падскочыў да яго са сваім "Эске-сэ іль я алкаголь?".

— No, no! Сан алкаоль! Гэта зёлкі там. Берберскія зёлкі. Робяць цябе моцным і здаровым. Каб хваробы не бралі. Трэ бон пур вотр сантэ. У пустыні дапамагае!

Я аддаў апошнія манеты за яшчэ два кубачкі. Мы глядзелі футбол у добрым настроі. "Ціхад" безнадзейна спрабаваў адыграцца. Сонца няспешна садзілася за акіян у касабланкскім порце.

Наконт алкаголя пытанне заставалася адкрытым. Але калі ён там і быў, то не так многа, каб ад пяці кубачкаў ап'янець. А ў астатнім... напой як напой. Смачны. Нiчога такога з табой не робіць.

І раптам я зразумеў, што мне больш зусім не холадна сядзець на бетоне.

БОЛЬШ ФОТА

Касабланка

Касабланка

Касабланка

Касабланка

Касабланка

Касабланка



Комментарии (2)

lonely hedgehog 08 Янв 2018 08:30
Маркетынгавыя хітрыкі па-мараканску :) Усё ж лепш, чым настойка глогу з аптэкі...
youras 07 Янв 2018 20:04
На гэткім бэтоне, Андрэй, ня тое, што сядзець, але ж і стаяць небяспечна.
І пустынавы напой не дапаможа потым!