2018-01-11 16:47:31
The Vashkevich

"Для дзяўчыны будзе асаблівы дагляд!" Як жанчыны трапляюць на футбол у Марока*

"Для дзяўчыны будзе асаблівы дагляд!" Як жанчыны трапляюць на футбол у Марока**Альтэрнатыўная назва — "Самае бяспечнае месца".

Аб аўтары — па-руску або па-беларуску

Мы выйшлі з вакзала Эль-Джадзіды, як выходзяць з лесвічнай клеткі ў родны калідор. Пасля Фесу мы не палохаліся ніякіх мараканскіх гарадоў. Пасля Рабата мы не палохаліся ніякіх мараканскіх стадыёнаў. Мы лічылі, што ўсё ведаем. Нават Ксеня ішла ў новы горад пругкай хадой амаль што мясцовага жыхара.

Чаго можна палохацца пасля таго, як яна пабывала у мужчынскай прыбіральні стадыёна "Прынц Мулай Абдалах"?

Рабіць было няма чаго: жаночыя прыбіральні былі зачынены. Скрозь краты ўсё было добра відаць: чыста, прыбрана, свет гарыць. Але — замок. І не адчыняюць: лічыцца, што для гэтага на арэне недастаткова жанчын.

У перапынку аб прыбіральні і думаць было нельга: туда пайшлі ўсе мужыкі. Да таго ж у галерэі побач з ім пачалі маліцца.

У мужчынскай прыбіральні было ванюча, гразна і да таго ж цёмна. Але ў нашым выпадку гэта было хутчэй перавагай, чым недахопам.

Мы спусціліся туды хвіліне а пятнаццатай. Аўтаматчык на галерэі не звярнуў на нас ніякай увагі. Я зайшоў у цемру туалета, пераканаўся, што там нікога няма, і пазваў Ксеню.

— Я буду на варце ля пісуараў, — сказаў ёй.

Якая Эль-Джадзіда напалохае пасля такога?

Марокко

Марокко

Калі праз дзве гадзіны мы канчаткова заблудзіліся, настрой у нас быў зусім іншы. Мы не знайшлі стадыён, затое пабачылі шпіталь імя Махамеда V, гарнізон каралеўскай арміі, турму і могілкі. І таму пачалі больш прадметна ўяўляць, што нас можа чакаць у гэтым горадзе.

У больш-менш турыстычных Рабаце, Фесе і Танжэры ўвага гараджан на нас была засяроджана эпізадычна. У дзікай Эль-Джадзідзе на нас ва ўпор глядзелі ўсе. Дзеці ў драных майках Месі і бабулі ў хіджабах, людзі ў чэргах і на прыпынках, у вокнах дамоў і на ганках. Нам сігналілі кіроўцы машын, нам крычалі аслы, якія цягнулі павозкі, з нас не зводзілі незадаволенага позірку чаплі на сметніках.

Нам не былі асабліва рады. Усміхнуліся за ўвесь гэты час толькі двое мужчын, якія выйшлі з варот турмы. Але наўрад ці яны ўсміхаліся менавіта нам.

Перад стадыёнам сядзеў натоўп маладых людзей. Калі б у Эль-Джадзідзе было ПТВ, яны маглі б быць там пэтэвушнікамі. Маладая шпана глядзела на нас з насупленай цікавасцю.

Было іх чалавек пяцьдзясят. Яны поўнасцю занімалі тратуар на процілеглай ад стадыёна старане дарогі. Частка сядзела на пластмасавых крэслах чырвонага колеру сістэмы "кока-кола". Частка — проста на асфальце.

"Кхм!" — падумаў я.

— Кхм! — сказала Ксеня.

Марокко

Варыянтаў пазбегнуць праходу паўз вольнае эль-джадзідскае пэтэвушніцтва было не відаць. Сама дарога была застаўлена турнікетамі такім чынам, што заставалася поўнасцю пустой, бо выдавіла ўсіх патэнцыяльных хадакоў на тратуар.

На ўсялякі выпадак мы запыталіся ў паліцэйскіх, дзе каса. "Трэба абысці", — пазяхаючы сказала паліцыя і ўказала на натоўп пэтэвашнікаў. Тыя ўсё зразумелі і зашумелі.

Я ўзяў Ксеню за руку — і мы пайшлі.

— Ооо, белла донна!
— Бьюціфул! Вэрі бьюціфул!
— Хаў а ю, май фрэнд?
— Вэлкам! Бьенвяню!


І гэта мы яшчэ пераступілі толькі чвэрць ног на тратуары.

— Фак ю!
— Фак ю! — яны пачалі правакаваць. Заставалася толькі ісці далей.

Напэўна, у тым месцы пасля футбола наша сустрэча б працягвалася б і нават перарасла ў крэпкае сяброўства. Але на гэты раз мы ўсё ж такі прайшлі скрозь жывы калідор без драпін — паліцыя паўсюль паліцыя.

У белым доміку я аддаў 200 дзірхамаў за два квіткі на трыбуне "Голд" — гэта нешта ў раёне 20 еўра. За намі яшчэ нейкія хлопцы бралі на звычайную. Калі мараканскія пэтэвушнікі не збіраюцца больш трох, яны нармальныя пацаны.

Марокко

Мы спадзяваліся, што ад белай скрынкі кас да стадыёна будзе весці нейкі патайны "Голд"-уваход. Але не. Тамашняя паліцыя зноў жэстам паказала на абход. Я зноў узяў Ксеню за руку.

Пэтэвушнікі знялі з паўзы нашу размову і пачалі адразу з "Фак ю!". Хаця я лепш паслухаў бы пра "беллу донну". Форца, рагаццы і ўсё такое.

— Не трэба залішняга ажыятажу! — сказаў я ім па-нашаму, каб зняць напругу.
— Фак ю! Фак ю! — прагучала ў адказ.

Мы вываліліся з крыкаў да "голд"-турнікетаў. Твар Ксені выдаваў відавочнае пытанне: як я з табой звязалася? Паліцэйскага і чалавека ў манішцы на кантролі ля турнікета яна сустрэла як добрых знаёмых.

"Салам алейкум", — павітаў чалавек у манішцы, парваў білеты і запусціў у цішыню стадыёна. Там нас чакаў дагляд.

Марокко

Мяне нават не сталі глядзець. Ксеню сустрэла кабета. "Салам. Для дзяўчыны будзе асаблівы дагляд!" — сказала яна з усмешкай. Было бачна, што яна не так часта даглядае жанчын, якія наведваюць стадыён "Эль Абдзі". "Хэлоў", — сказала ёй Ксеня, як роднай. Пасля пэтэвушнікаў яна бачыла роднага чалавека ў любым прадставўніку хоць нейкага.

Аказалася, што футбол пачынаецца на гадзіну пазней, чым мы лічылі. На трыбунах было зусім мала людзей. Вакол гулялі паліцэйскія. Галоўны, адзеты як капітан далёкага плавання, хадзіў і бурчаў у рацыю.

Перад намі сеў мужык у берберскай джалабе. На нас ён не звярнуў ніякай увагі. Потым прыйшлі пару мужыкоў з маленькімі дыванчыкамі-саджадамі — для малітвы ў перапынку. Хаця для гэтага ў трыбуне "Голд" быў вялікі пакой, засланы дыванамі.

Марокко

Гулялі мясцовая "Дзіфаа" і "Хассанія" з Агадзіра — лідэры мараканскай "Батола Про 1". Гулялі абы як. З акіяна наляцелі хмары, пачаўся дробны дожджык, але мы, галдовыя, сядзелі пад страхой і гледзелі на востры капюшон джалабы.

Тут нас ніхто нікуды не пасылаў, не чапляўся і не глядзеў. Мы ціхенька заўзелі за "Дзіфаа", і ўсе астатнія не звярталі на нас увагу. Адзін хлапец прапанаваў нават трошкі печыва. Мы ветліва адкмовіліся.

У перапынку шмат хто з галдовых пайшлі маліцца. Мы засталіся на сваіх месцах. Мы сапраўды верылі, што гэтыя крэслы — самае бяспечнае месца ва ўсім горадзе.

Пад дажджом людзі стаялі на самым парапеце і не баяліся зваліцца ўніз. На стадыёне мы таксама нічога не баяліся.

Марокко

Калі "Дзіфаа" сенсацыйна перамогла, усе падарваліся і рынуліся пляскаць у далоні. Затым хуценька пайшлі да хаты.

...Мы яшчэ доўга сядзелі на "Голдзе", пакуль шэф паліцыі не кіўнуў на выхад.

— Неахвота ісці адсюль, — сказала Ксеня.

"Неахвота ісці адсюль", — падумаў я.

Наступным ранкам мы выйшлі з цягнiка на перон вакзалу Касабланкі, як выходзяць з лесвічнай клеткі ў родны калідор. Пасля Эль-Джадзіды мы не палохаліся ніякіх мараканскіх гарадоў.

БОЛЬШ ФОТА

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко

Марокко



Комментарии (5)

Nikifor 12 Янв 2018 11:50
"пайшлі да хаты", "мы выйшлі з ПОЕЗДА"... Таварыш Вашкевіч такі сабе знаўца роднай мовы)
lonely hedgehog 12 Янв 2018 08:55
Проста нейкі фільм жахаў, а не паход на стадыён. Дзікавата і жудасна. Але ў параўнанні са стадыёнам з мінулага артыкула ўжо хоць не на бетоне сядзець :)
newbee 11 Янв 2018 19:14
Продвинутый народ, бакланы есть - даже и не пытаются крыши на стадионах строить.
Aleks0109 11 Янв 2018 19:12
блин, поместите Вашкевича в стоп лист, пусть в Марокко отдыхает годик другой, а то отвлекается бедняга от колорита и девушки
tigery 11 Янв 2018 18:39
как будем рассизм наоборот?