2018-03-10 12:14:25
The Vashkevich

"Без даху было лепш". Беларускія заўзятары мараць аб новых арэнах, англійскія — сумуюць па старых*

"Без даху было лепш". Беларускія заўзятары мараць аб новых арэнах, англійскія — сумуюць па старых**Альтэрнатыўная назва — "У часы Бэрыл Фадж такога не было!"

Об авторе — по-русски или па-беларуску

Я люблю Брысталь. Ну а як жа? Усе нармальныя людзі любяць. Нездарма ў 2017-м ён быў прызнаны газетай "The Sunday Times". "Горад ля мора, але не адрэзаны ад цывілізацыі, не вялікі, але прымае ўсялякія культурныя падзеі, дае шырокі выбар рэстаранаў і кавярняў, а таксама шмат працоўных месцаў для хайтэк-прафесіяналаў і крэатыўных людзей". Калі падсумаваць — "cool, classy and supremely creative".

Прыгажосць, гісторыя, двіж — у Брысталі ёсць усё, акрамя прэм'ер-лігі. Ані "Брысталь Сіці", ані "Брысталь Ровэрз" у англійскай эліце не гулялі вельмі доўга ("Ровэрз" наогул не гулялі ніколі). І самае дзівоснае, што мясцовыя заўзятары ніколі з-за гэтага не пакутавалі. Горад усё роўна заставаўся адным з самых футбольных у краіне. "Эштан Гейт", арэна "Сіці", нядрэнна запаўняецца для Д2 і Д3.



У 2015-м на ёй адбылася сур'ёзная рэканструкцыя. З тыпова англійскай арэны "Эштан Гейт" стаў сапраўдным сучасным стадыёнам. Але на форуме каманды ўспамінаюць былую версію:

"Стары "Іст Энд" разбурылі. Вы сумуеце па ім? Новы стадыён вельмі прыгожы, але гэта ўжо больш не "Эштан Гейт". Мне не хапае старой рыфлёнай сталі, чырвоных дахаў, нават старых драўляных лавак…" — пішуць зараз на форуме фанатаў "Брысталь Сіці".

"Я вельмі сумую. Я заўжды цаніў "АГ" як сапраўдны стары стадыён. Канешне, час прымушае рухацца далей, застаецца толькі спадзявацца, што "Гейт" не пераўтварыцца ў звычайны бяздушны паўпусты сучасны стадыён".

"Вымушаны прызнаць, што я б хацеў яшчэ адзін, апошні, раз пастаяць на старой трыбуне "Парк Энд" перад плотам і пажартаваць, як раней".

"Я сумую па керасінаваму абагравальніку ў старой краме, дзе прадаваліся праграмкі. У 60-х гэта было адзінае месца на стадыёне, дзе можна было пагрэцца. Мне было 12 год!"



"А я сумую толькі па тым, што можна было выехаць з дому за гадзіну да гульні, даехаць да арэны за 20 хвілін, лёгка знайсці паркоўку і ў 2.45 ужо быць на трыбуне".

"Новы стадыён проста фантастычны і добры для клуба і заўзятараў, але я сумую па старым "Іст Эндзе". Пастаянна ўспамінаю людзей і больш просты час".

"Я сумую па "Іст Эндзе" ранніх 90-х, калі мы выйгравалі з Гэры Джонсанам. Добрыя былі часы".

"Згубіць "Іст Энд" — гэта як згубіць дамашнюю жывёлку, якая захварэла ракам. Сумую, хаця і ведаю, што гэта толькі на карысць клубу".

"А яшчэ я ўспамінаю, што ў туалеце "Іст Энда" была вялікая лужына, і трэба было ісці на мысках".

"Я сумую па старых квітках па 15 фунтаў!" "А я — па часах, калі ўваход каштаваў 7 шылінгаў і 6 пенсаў". "Я хадзіў у 1970-м за 2 шылінга 6 пенсаў. Табе, напэўна, было толькі дзевяць гадкоў!"

"Эштан Гейт" эвалюцыяніруе ўвесь час. 40 ці колькі гадоў таму фанаты, напэўна, жаліліся, калі пабудавалі "Долмэн". "Уільямз Стэнд" быў пабудаваны нанова, так што не з'яўляецца арыгінальным. "Ацьеа" замяніла вялікую стаячую трыбуну і таксама не гістарычная. На "Іст Эндзе" не было даху, калі я трапіў туды ўпершыню, а сідзячыя месцы былі толькі на "Долмэне" і часткова на "Уільямзе", а цяпер паўсюль. Праз 20 гадоў новыя фанаты скажуць тое самае пра гэтую версію".



"Калі дзве трыбуны былi без дахаў, гэта быў сапраўдны стадыён. Потым яны пачалі ставіць гэтыя дурацкія дахі, каб прывабіць карпаратыўных кліентаў. Пасля гэтага арэна ніколі не была арыгінальнай. Шмат сапраўдных фанатаў з тых часоў кінулі хадзіць на футбол!"

"Мне вельмі не хапае старога ЭГ. Глядзеў гульні са ўсіх трыбун. Хадзіў з бацькам яшчэ зусім малы і стаяў на скрынi, якую ён зрабіў для мяне, каб было добра бачна, нягледзячы на рост. На "Эштан Гейт" прывёў жонку на першае спатканне. Кажу шчыра, я цяпер езжу на футбол у Таркі на "Плэйнмур", каб атрымаць тое пачуццё ад арэны. Узрост? Канешне, ён уплывае. Але для мяне новы стадыён занадта стэрыльны. Аднаго дня пайшоў набыць адзенне для ўнука і хацеў пагаманіць з кiм-нібудзь з касы. А мне адказалі, што зараз у касе ніхто не сядзіць, трэба тэлефанаваць загадзя і замаўляць сустрэчу. У часы Бэрыл Фадж такога не было!"

"Так, я сумую, асабліва па часах, калі на "Іст Эндзе" не было сядзенняў. Гэта была выбітная арэна. Але потым стары "Эштан Гейт" стаў ценем самога сабе".

"Я сумую, что раней, калі побач са мной стаяў нейкі ідыёт, я мог перайсці і стаць у іншым месцы!"

"Нельга перамагчы настальгію. Мая першая гульня была ў 1990-м і я памятаю, што насіўся па стаячых месцах, пакуль татка не даў мне дыхту".



"Мая першая гульня была ў вялікую пятніцу 7 красавіка 1950-га. Мы выйгралі 2-0 у Олдэршота, на гульні прысутнічала 18921 глядач. Бацька плаціў шылінг за квіток, а я праходзіў за шэсць пенсаў. Праграмка каштавала 2 ці 3 пенсы. Гульцы атрымлівалі 10-12 фунтаў у тыдзень. Ці сумую я па старому "Эштан Гейт"? Так і не, бо цяпер мне патрэбны і сядзенне, і нармальная прыбіральня…"

"Стадыён трэба было перабудоўваць, але тое, што зрабілі, выглядае абы як. Паўднёвая трыбуна выглядае банальна, а "Долман" — пачварна. Толькі "Уільямз" вырабiлi прыгожа. Быў шанец прыдумаць нешта адмысловае. Выглядала б лепш без гэтага бетону".

"Першы раз набыў квіток на "Іст Энд" за 90 пенсаў і быў раз'юшаны, калі кошт паднялі да фунта i дзесяцi пенсаў. Але атмасфера была выдатная!"

"Я ў пачатку 80-х хадзіў за 50 пенсаў".

"Напэўна, стаялі разам! Я таксама пачаў хадзіць за 50 пенсаў! Фантастычныя часы!"

"Я сумую па атмасферы. Цяпер немагчыма зноў сабраць 40 тысяч на стаячых месцах плячо да пляча ні на адным сучасным стадыёне. Спадзяюся, на новым клуб хаця б будзе зарабляць у дні без гульняў".

"Новая арэна выглядае шыкоўна, гэта крок наперад, але я заўсёды буду сумаваць па старому стадыёну. Заўтра вяду сваю дачку на футбол у першы раз у жыцці. Спадзяюся, яна будзе памятаць сваю першую гульню, як памятаю я: "Іст Энд", пахі, гукі, тата, які прывёў мяне. І "Come on you Reds" са ўсіх трыбун…"

"У 1972-м мой гадавы заробак быў 510 фунтаў. Квіток каштаваў 25 пенсаў. Такім чынам, я плаціў за адну гульню 1/2000 свайго заробка. Зараз зарабляю 20 тыся (у 40 разоў больш, чым мой першы заробак). Такім чынам, квіток павінен быць 40х25=10 фунтаў…"



У 2012-м я купіў квіток на той самы "Долман" за 27 фунтаў. Для мяне гэта быў асаблівы матч: я развітваўся з Англіяй, з англійскім футболам, з рыфленай сталлю і стадыённымі дахамі з падпорамі, з-за якiх можна чагосці не ўбачыць. Englishness as it is, якую нельга апісаць. Яе можна толькі адчуць. Але для гэтага патрэбны сапраўдны стадыён. Гістарычны, без усялякіх рэстаўрацый.

Стары "Эштан Гейт" быў, безумоўна, такім. Чырвоны, цагляны, з маленечкай крамай, з чаргой у вакенца, дзе атрымліваеш замоўленыя загадзя квіткі. Бэрыл Фадж, якую ўспамінаюць заўзятары са стажам, — гэта ледзі, якая шмат гадоў кіравала гэтай крамай, а таксама запісывала жадаючых паехаць на выезд на аўтобусе.

15 верасня 2012 года — апошні раз, калі я быў на сапраўдным англійскім футболе. Ліга Еўропы, канешне, не лічыцца. Чэмпіёншып, "Брысталь Сіці" супраць "Блэкбэрна". Зараз яны таксама ў адной лізе, але цяпер гэта Д3.

Гэта была таямнiчая гульня. Я так замарыўся з напісаннем дыпломнай ва Ўніверсітэце Ліверпуля, што нікому не сказаў, што пайду на футбол — каб не пісаць у газету. Дазнаўся б Ілліч — прыйшлося б пісаць.

"Блэкбэрн" выйграў 5:3 — і я атрымаў фантастычную асалоду. Не ад гульні, хаця яна была неблагая. У гасцёў на полі былі Нуну Гомеш і Мортен-Гамст Педэрсэн. А ад гэтай Englishness усяго навокал. Гэтых жоўтых прыступак, чырвоных шэрагаў крэслаў і гэтых людзей, якія заўзеюць за "Брысталь" і памятаюць Бэрыл Фадж.



Англійскі футбол мяняецца з кожным годам. Кожны, хто бачыў, запомніць яго па-рознаму. Але якое гэта шчасце — памятаць той стары, на былых стадыёнах без навамодных прыемных дробязяў, з алдовай цэглы, з масіўнымі парэнчамi.

Гэта неверагодна! Новыя арэны заўсёды лепшыя. Ніводзін стары стадыён не параўнаецца з імі. Але гэтая старасць робіць іх унікальнымі. Новыя будуць стаяць яшчэ шмат гадоў. А старыя застануцца толькі ў памяці тых, хто іх бачыў, хто на іх хадзіў, хто на іх заўзеў.

"Эштан Гейт" зараз — проста цацка. Але б калі ён быў гэткай цацкай у 2012-м, я б наурад ці туды паехаў. Мне патрэбна гэтая даўніна, гэтыя нязручнасці, гэтая несучаснасць. Зразумела, гэта нейкая псіхічная дэвіяцыя. Але я не хачу з ёй змагацца. Я прагну бачыць гэтыя стадыёны і нават пра іх пісаць.

Я проста хачу помніць тыя старыя арэны. Яны клёвыя. Гэтаму няма рацыянальнага абгрунтавання. Ды і навошта яно?



Стары "Эштан Гейт"

































Комментарии (5)

Leonid_t 11 Мар 2018 13:41
Хорошие ностальгические воспоминания настоящего болельщика, где все что было видится в легендарно-мистической дымке, где все вещи имеют свою душу и происходят не случайно. Это тоже самое что и старые авто, чернобелая фотография и т.д.. Самое интересное, что лет так через 100(если футбол так и останется...) кто то также вспомнит как было во времена его юности-молодости.
Но всегда нужно идти вперед, чего и нам желаю т.е. если строить то строить с учетом завтрашнего дня, а уже потом в компании старых друзей за бокалом... идеализировать прошлые похождения и вздыхать, что нынче все как то не так.
Angmarsky 10 Мар 2018 21:08
Выдатна. Цiкава было пачытаць.
Baravik 10 Мар 2018 13:14
Заўзятары мараць не аб новых арэнах - заўзятары мараць пра новыя арэны
антосько 10 Мар 2018 13:08
"timofeefff" писал(а):
Андрей, артикулу явно чего-то не хватает! Ну, конечно! Естественно не хватает фотографий старого Эштон Гейт..."

!!! 100 % !!! Зняў з языка ... і фотакартак старога стадыёна павінна было быць больш --- гаворка ж больш ідзе аб старым стадыёне ...
timofeefff 10 Мар 2018 12:50
Андрей, артикулу явно чего-то не хватает! Ну, конечно! Естественно не хватает фотографий старого Эштон Гейт...