2018-03-13 15:48:57
The Vashkevich

"На "Борнмуце" таксама просяць на ўваходзе паказаць, што ў торбе". Англійскі журналіст разважае аб дыктатурах*

"На "Борнмуце" таксама просяць на ўваходзе паказаць, што ў торбе". Англійскі журналіст разважае аб дыктатурах**Альтэрнатыўная назва — "Магло быць і горш".

Об авторе — по-русски или па-беларуску

Было холадна, але не так, як таго чакаў Стыў. Снег ляжаў на тратуарах, але ў ім былі прачышчаны сцежкі для пешаходаў. "Не тое, што у нас: як толькі снегапад, дык усё пруцянее. А тут — нават не заўважыш. Усё чотка". Ён ужо другія суткі быў тут, і беларуская чоткасць перамагала ў яго галаве беларускую ж незразумеласць.

Незразумеласцяў было не так шмат. Спачатку — акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў. Ён знайшоў на Linkedin генеральнага сакратара БАТЭ. Той растлумачыў: спачатку трэба падрыхтаваць усю бюракратыю.

На сайце МЗС было напісана: "Для разглядання пытання аб часовай акрэдытацыі замежным СМІ прадстаўляюцца:

Пісьмовы зварот на афіцыйным бланку з подпісам кіраўніка сродка масавай інфармацыі з просьбай аб акрэдытацыі пры МЗС асоб, якія прадстаўляюць дадзены орган у Рэспубліцы Беларусь (з абавязковым указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, года нараджэння, грамадзянства, нумара і даты сканчэння тэрміну дзеяння пашпарта, тэрміну акрэдытацыі, замежнага прадстаўніцтва, у якім плануецца атрымаць уязную візу, а таксама мэты візіту карэспандэнта).

Запоўненая асабіста карэспандэнтам, які звяртаецца за акрэдытацыяй, анкета-заяўка на акрэдытацыю зацверджанай формы.

Два фотаздымкі карэспандэнта, які звяртаецца за акрэдытацыяй, фарматам 3 × 4 см.

Дапускаецца дасылаць адсканіраваныя копіі ўказаных дакументаў у электронным выглядзе (файлы ў фармаце .pdf), а таксама лічбавых фотаздымкаў (файлы ў фармаце .jpg) на e-mail: press@mfa.gov.by".

Минск

"Ну, што рабіць? — паціснуў плячыма Стыў. — Іншая краіна, іншыя традыцыі. Магло быць і горш".

Сістэма тройчы выкідвала яго. Потым ён з жахам прачытаў: падаваць трэба як мінімум за 20 дзён, а на той момант заставалася ўжо толькі 19! Але пісьмо на імэйл МЗС усё вырашыла адносна хутка. У аэрапорце ўсё было проста: атрымлівай страхоўку і ідзі ў дзіўны новы свет.

Стыў быў у Літве, Латвіі, Арменіі, а вось у Беларусі — ніколі. Малыя футбольныя краіны былі для яго сапраўдным святам. Ужо год 12-13 ён пісаў для "Уорлд Сокер". Калі ён пачынаў, то сказаў сабе: свету не патрэбны яшчэ адзін аглядальнік матчаў "Барселоны", "Рэала" ці "Ман Юнайтэд". Нашмат цікавей з'ездзіць у якое-небудзь Конга. Ці ў Беларусь.

Минск

Так, ёсць краіны, якія клічуць дыктатурамі, разважаў Стыў. Але жыццё там часцяком больш стабільнае. Зразумела, Садам Хусэйн быў жудасным чалавекам і зрабіў людзям шмат благога. Толькі Ірак у яго часы быў больш бяспечным, пакуль амерыканцы і брытанцы не вырашылі навесці там дэмакратыю. Для сярэдняга іракца ўсё стала нашмат горш. Лёгка сядзець у Англіі ў бяспецы і з разумным тварам разважаць: у Беларусі тое не так, у Іраку сёе...

Гасцініца "Беларусь", добры від з шостага паверху на горад. У дзень гульні ён спецыяльна не браў сняданне ў гатэлі, бо ўсе яны аднолькавыя. Зайшоў у нейкую кавярню, з'еў смачны сэндвіч, зрабіў невялікі шпацыр перад футболам. Некаторыя старыя будынкі падаваліся яму падобнымі на Сафію, некаторыя — на Алматы. Метро прыгожае, горад дагледжаны, марозу няма! Ідэальны дзень для Суперкубка БАТЭ — "Дынама" (Брэст).

Минск

Дзеля нязменнага беларускага чэмпіёну ён і прыехаў у Мінск. З усіх еўрапейскіх каманд у барысаўчан была наўдаўжэйшая на гэты момант серыя перамог у нацыянальным першынстве — 12. Яшчэ адна — і БАТЭ будзе, як "Русенборг". Яшчэ дзве — як рыжскі "Сконта" і гібралтарскі "Лінкальн". 15 разоў запар пакуль не выйграваў ніхто.

Аб беларускім футболе ён сходу мог сказать толькі пару слоў. Гэтай парай былі "BATE" і "Hleb".БАТЭ падаваўся нечым неверагодным. Клуб ніадкуль паспеў і ў "Баварыі" выйграць, і з "Рэалам" пазмагацца. Але дэтальнай інфармацыі не так шмат. Яшчэ добра, што напярэдадні гульні ён удакладніў яшчэ раз, дзе гуляюць. Ён ледзь не пераблытаў: аказалася, стары "Дынама" на рэканструкцыі. Ехаць прыйшлося на іншы канец гораду.

Стадыён быў новы, невялікі і поўнасцю схаваны ад дарогі дамамі. Калі Стыў пад'ехаў, на дарозе да арэны разварачваўся аўтазак. На стадыёне яго сустрэла служба бяспекі ў чорнай форме. Яны стаялі пад шэрымі шатрамі і правяралі кожнага чалавека на ўваходзе.

Минск

Для Стыва ў гэтым не было нічога новага. З гэтага сезона на "Борнмуце" таксама пачаліся праверкі. Усіх папярэджваюць, што прыходзіць патрэбна за 45 хвілін да пачатку матча, каб паліцыя паспела зрабіць дагляд.

Прайшоўшы металадэтэктар і дагляд, ён апынуўся сярод заўзятараў. Гэта было добра: ён хацеў пагаманіць з адным з фанаў БАТЭ аб барысаўскім клубе. Галоўнае было знайсці чалавека, які размаўляе на англійскай. Пашанцавала! Першы ж з пабачаных заўзятараў у доміку для кавы і гарбаты упэўнена распавёў: ай стадзі інтэрнэшнл ло эт зэ юнівёсіці.

Минск

Запісаўшы фаната для радыё, Стыў пайшоў здымаць заўзятараў за галоўнай трыбунай. Настрой у іх быў святочны. Барысаўскія ў жоўтым і сінім, берасцейскія ў белым і блакітным, паліцыя ў чорным з жоўтымі кірылічнымі літарамі — усё гэта выглядала так выдатна і так незвычайна!

Паліцыі было шмат. Але Стыва гэта не палохала. Хутчэй наадварот.

Минск

Минск

У пачатку 90-х ён быў у Перу. "Альянса Ліма" і "Універсітарыа" гулялі за тытул. Сябар-перуанец завеў Стыва на стадыён. Фанаты прыйшлі ў масках проста пагалоўна. За пяць хвілін да канца паставілі пенальці. "Зараз праб'е" — і мы адыходзім". "Не, не, трэба ж пабачыць, чым скончыцца!" — затрос галавой Стыў. "Пайшлі, калі хочаш жыць". Яны пайшлі да выхада, і праважаты сказаў: "Зараз мы пабяжым, і ты спынішся, толькі калі я табе скажу". На вуліцы ішоў сапраўдны бой з паліцыяй, вадзянымі пушкамі, каменнем… Стыў бачыў, як адзін з заўзятараў схапіў цагліну, падбег да паліцэйскага ў шлеме і моцна даў па ім. Конны паліцэйскі побач выхапіў шашку і паляцеў за фанатам. Як яны не атрымалі па галаве, журналіст дзівіўся да гэтай пары.

Ён паглядзеў на беларускіх паліцэйскіх і падумаў: магло быць і горш.

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск

Минск



Комментарии (1)

Smorgon-lover 13 Мар 2018 17:08
Магло быць і горш...
Нейкі няскончаны артыкул. Ці апошняе што ўбачыў англічанін гэта наш амап?
Што сталася са Стывам? Я хвалююся :)