2018-04-18 12:09:24
The Vashkevich

"Э-э-э, здарова! Ну што, як справы?!" Самае цяжкае ў працы маскота на футболе*

"Э-э-э, здарова! Ну што, як справы?!" Самае цяжкае ў працы маскота на футболе**Альтэрнатыўная назва — "Адзін дзень з жыцця супергероя".

Хутчэй, хутчэй! Людзі на галерэі прагнуць фотачак і абдымкаў! Нельга марудзіць! Маланцы трэба ляцець на галерэю!

5-кілаграмовы касцюм супергероя дазваляў рухацца амаль свабодна. Бачна было добра, толькі цяжка звесці перад сабой рукі — бакі перашкаджалі.

Маланка Грук бокам праціснуўся праз дзверы, павольна мінаваў лесвіцу на галерэю. Ледзь не паваліўся, але дакрочыў да другога паверху — і нырнуў у натоўп. "О-о-о-о! Маланка!" — дзеці адразу адрэагавалі на яго з'яўленне віскатам. Маланку i Батошу адразу тармазнулі і пачалі фатаграфавацца.

Паціху падцягваліся і дарослыя. Для іх Маланка Грук — такі ж сябар, як і для малечы. Мо нават больш прывабны. Ну хто адкажа сабе ў асалодзе хлопнуць Маланку па боку: "Э-э-э, здарова! Ну што, як справы?!" Бывае, трохі вып'юць, дык зусім цалавацца лезуць. Усё ж такі футбол — гэта свята.

Борисов

Адзін круг па галерэі зрабіць цяжка: усе спыняюць, патрабуюць фотку, жадаюць пагуляцца. З'яўляецца Маланка — і людзі адрываюцца нават ад Веры Лапко, гульню якой перад футболам пусцілі па экранах арэны.

Вера Лапко

"О-о-о! Маланка! Прывітанне, бро!" — фоткі і абдымкі працягваюцца. Супергерой Маланка Грук працягвае аблёт сваёй арэны, каб несці дабро і ўсмешкі. Толькі калі пачынаецца гульня, можна крыху пастаяць — паглядзець на любімы БАТЭ, любімага Мілунавіча, паважанага ўсімі Ігара Мікалаевіча Стасевіча.

Маланкай быць няцяжка. Асабліва, калі гэта твой горад, твой клуб і твае заўзятары. Пара-тройка гадзін на стадыёне — гэта хутчэй свята, чым сапраўдная праца. Маланка любіў сваю супергеройскую службу побач з верным паплечнікам — Батошам.

Борисов

У перапынку трэба здымаць пальчаткі і браць у рукі стрэльбу — пуляць на трыбуны майкі ў скрутках. Бабах, парабала — і майка ў руках чарговага лёсіка. Маланка крочыў вакол поля, а па трыбунах за ім беглі дзеці.

Бабах! Бабах! Хутка ўжо і другі тайм, і да перамогі — разам.

Адзіная цяжкасць — калі фанаты паляць фаеры, і ў паветры стаіць пах серы. Дыхаць у касцюме становіцца цяжкавата. Але і гэта не праблема, калі дымы запускаюць у гонар перамогі. Не так важна над кім. Галоўнае — перамога "жоўта-сініх".

А пасля гульні Маланка зноў крочыў на першы паверх, за раздзявальню БАТЭ, у сваю невялікую каморку, распранаўся там, пераўтвараўся з супергероя ў проста 18-гадовага Ягора, студэнта першага курса перакладчаскага факультэту Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэту.

Борисов

Справа зроблена — можна ісці дадому. Дом зусім блізка, на Трусава. Ад арэны — 10 хвілін пехам. Дзесьці год за дзесяць да старту паспяховай кар'еры супергероя маленькі Ягор трапіў упершыню на стары гарадскі стадыён. Ужо тады БАТЭ для яго быў усім — і эмоцыямі, і гонарам.

Ён вельмі хацеў сфатаграфавацца з Батошам. Але саромеўся. У той час Батоша ў цыліндры на машыне наразаў кругі вакол поля. Падысці было цяжкавата.

Хто б мог падумаць, што цяпер фатаграфавацца на стадыёне будуць з Ягорам. Прычым на кожным кроку. Праўда, у свой інстаграм ён фоткі ў вобразе Маланкі ніколі не ставіў: супергерой павінен быць таямніцай.

"Мы сёння па тэлебачанні цябе бачылі, сынок! — сказала маці, калі Ягор вярнуўся дахаты. — Малайчына!"

Борисов

Борисов

Борисов

Борисов

Борисов-Арена

Борисов

Борисов



Комментарии (1)

beegees 18 Апр 2018 15:58
Толькі КОСКА калі пачынаецца гульня, можнА крыху пастаяць — паглядзець на любімы БАТЭ...

(стык саюзаў, няма пасля другой часткі ТО/ТАК/АЛЕ –> ,).



Маланкай быць няцяжка.

(злітна = лёгка).