2015-04-12 19:35:33
Футбол

Юрый Юрчанка: з думкай аб тым, што футбалісты загавораць па-беларуску апошнімі, я не згодны

Юрый Юрчанка: з думкай аб тым, што футбалісты загавораць па-беларуску апошнімі, я не згодныЮрый Юрчанка выступаў за юніёрскія зборныя Беларусі, паспеў пагуляць за жодзінскае "Тарпеда", "Зорку-БДУ", "Ведрыч-97", "Смаргонь". А затым нечакана знiк з футбольнай карты, але не з інфармацыйных стужак. Яго імя ўзнiкала ў сувязі з некаторымі праектамі, якія сам футбаліст і ладзіў. Цяпер ён займаецца сайтам "Краіна Мараў" — гэта новая сацыяльная сетка, якая, зрэшты, канцэптуальна адрозніваецца ад папулярных УКантакце і Фэйсбука. Карэспандэнт pressball.by сустрэўся з Юрыем і пагутарыў з ім пра знаёмства з Уладзімірам Юрчанкам, ніжэйшыя лігі беларускага футбола, разбітае шкло ў начной Рэчыцы і, безумоўна, пра новы праект — "Краіну Мараў".

Спадар Юрый, для пачатку нам варта зрабіць кароткі біяграфічны агляд з прыцэлам на футбольныя справы.
Нарадзіўся ў Мінску ў 1989 годзе. Футбольнае жыццё пачыналася даволі звычайна. Мяне, шасцігадовага прывёў на трэніроўку тата, мне адразу спадабалася. Я жыву ва Ўруччы, на той момант на вуліцы Каліноўскага трэніравалася "Зорка-БДУ". Каманда, якая дала мне шлях у футбол. Футболам прафесійна я больш не займаюся, сям’я пакуль у планах. Яшчэ вучуся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, факультэт міжнародных эканамічных адносінаў. Першы курс вучыўся на дзённым аддзяленні, а потым перайшоў на завочнае. Часова працую ў Маскве ў сферы рэкламы. У футбол гуляю з сябрамі, як у Мінску, так і ў Маскве. Цікаўлюся экстрымам, хаця маім бацькам гэта не падабаецца, хвалююцца яны.

А чаму вы прынялі рашэнне ў яшчэ зусім маладым узросце завязаць з футболам?
У свой апошні сезон я гуляў за "Смаргонь", першая палова чэмпіянату не надта атрымалася, а вось у другой было лепей. У мяне былі прапановы з іншых каманд першай лігі, у "Смаргоні" прапаноўвалі заставацца. Мне хацелася змяніць абстаноўку, але тыя варыянты, якія я меў, мяне мала задавальнялі. І ўзімку пачаў лавіць сябе на думцы, што займацца футболам дзеля таго, каб проста бегаць, — гэта не тое, чаго я жадаў. Вырашыў, што варта скончыць. Можа і памыліўся, але пакуль не шкадую.

З кім з футбольнага свету цяпер падтрымліваеце рэгулярныя стасункі?
Паша Кароткі, Андрэй Свірыд, Антон Шэпелеў… Але далей працягваць шэраг маіх сяброў не стану, бо іх нямала, раптам каго пакрыўджу і не ўзгадаю адразу.

Юрый Юрчанка

Паколькі ваша прозвішча — Юрчанка, не магу не спытацца, ці знаёмыя вы са скандальна вядомым Уладзімірам Юрчанкам?
Канечне, знаёмы. Мой бацька таксама Ўладзімір Юрчанка, так што ён пастаянна жартаваў пра гэту сітуацыю. Разам гулялі за юнацкую зборную. Ён даволі цікавы гулец, ужо тады ад ягонага таленту можна было звар’яцець! Усе бачылі, як ён гуляў за моладзевую зборную краіны супраць італьянцаў. Складана мне казаць, што ў яго не склалася, магчыма, стаў зарабляць надта вялікія грошы, і кар’ера пайшла пад адхон, мабыць яшчэ нешта здарылася. Шкада.

Як з’явілася ідэя "Краіны мараў", хто дапамагаў нараджаць канцэпцыю праекту і ствараць сайт?
Не магу сказаць, што ідэя прыйшла раптоўна. Нешта такога кшталту было ў маёй галаве яшчэ ў час футбольнай кар’еры, але пастаянныя матчы, зборы перашкаджалі рэалізаваць усё. Потым стварыў конкурс відэаролікаў "Крок наперад", я яго правёў і быў задаволены. Удзельнікі былі, яны мне пісалі і тэлефанавалі. А затым я падумаў, што варта стварыць нешта пастаяннае, а не часовае. Ідэя "Краіны мараў" мая, сродкі таксама, каманды памочнікаў пакуль няма, хаця некаторыя прапаноўваюць свае паслугі. Спадзяюся, у нас будзе некалькі чалавек для далейшай працы над праектам.

Краіна Мараў

На прэзентацыйным відэа вы дастаткова ўпэўнена і зразумела тлумачыце сэнс праекту і яго істотныя адрозненні ад УКантакце і Фэйсбука, але ў агульных рысах. Няхай жа аўтар пераканае звычайнага беларуса далучыцца да яшчэ адной сацыяльнай сеткі. Здараецца, бракуе часу правяраць свае УКантакце, Фэйсбук, Аднакласнікі, твітэр, а тут яшчэ і "Краіна мараў"!..
"Краіна мараў" — сацыяльная сетка, але сэнс яе стварэння абсалютна не ў тым, каб зрабіць аналаг таго ж УКантакце. Па-першае, яна зроблена выключна на беларускай мове, па-другое, тут не трэба ставіць прыгожыя аватары, збіраць падабайкі, уступаць у модныя суполкі і рабіць дзясякі рэпостаў. Трэба сабраць ініцыятыўных людзей. Хай іх будзе не мільён, а некалькі тысяч, але яны будуць браць адказнасць у свае рукі, а не проста жыць як жывецца. Калі смелых і рашучых людзей аб’яднаць, то яны змогуць прыносіць карысць самым сабе і грамадству, бо рухаюцца, дзейнічаюць. Галоўная ідэя ў тым, каб кожны зарэгістраваны на сайце чалавек здолеў паставіць сабе канкрэтную мэту, разбіць шлях да яе на этапы і працаваць над сваімі дасягненнямі. Калі ён сапраўды адказны перад сабой, то будзе крочыць наперад да выканання, калі адказнасці ў яго няма, дык яму стане сорамна ад уласнай бязвольнасці. Акрамя вырашэння сваіх задач можна дапамагаць адно аднаму, даваць выспятка тым, хто пачынае сумнявацца, ленавацца.

Мяркую, што ваш профіль быў самым першым на сайце. Якія мэты сабе паставілі вы?
Так, самым першым. Усё маё жыццё звязанае са спортам, таму найперш я паставіў сабе дзве задачы. Потым з’явяцца і новыя, але пакуль толькі спартовыя мэты. Тройчы на тыдзень бегаць па раніцах і хадзіць у трэнажорную залу. Пра бег наогул хаця б раз у жыцці думае любы чалавек, але не ва ўсіх хапае рашучасці пачаць, хтосьці зрывае планы, а хтосьці нават не пачынае.

Юрась Юрчанка

Колькі чалавек цяпер афіцыйна зарэгістравана ў "Краіне мараў"?
Пакуль 148, але праект толькі стартаваў. Спачатку быў платны ўваход, 10 даляраў на месяц. Гэта было своеасаблівым фільтрам, аднак цяпер ужо ўваход бясплатны. У мяне няма мэты зарабіць на гэтым грошы.

Вось вы кажаце, што займаецеся праектам выключна самі. Але калі колькасць "грамадзянаў" "Краіны мараў" дасягне тысячы, а потым пераваліць і за тую пазнаку, вы ж проста не здолееце сачыць за ўсім, што адбываецца. І перагруз сайту, і іншыя тэхнічныя пытанні…
Безумоўна, на дадзеным этапе сайту за грошы дапамагалі праграмісты, аднак неабходнасць каманды, якая б здзяйсняла пастаянную працу над праектам, высокая. Прыемна, што ўжо звяртаюцца людзі, гатовыя дапамагчы справе.

Праект Краіна Мараў

Адкуль бераце прыгожых дзяўчын для відэа на сайт?
У асноўным гэта мае сяброўкі. Але ў час распрацоўкі відэа я працаваў у Маскве, таму здымалі таксама там. А знайсці прыгожых дзяўчат ані ў Мінску, ані ў Маскве не з’яўляецца праблемай.

Атрымліваецца, тыя дзяўчыны, якія здымаліся разам з вамі на роліку пра жаночае адзенне нават не разумеюць беларускай мовы, яны масквічкі?
Адна масквічка, але другая беларуска. Інтэрнацыянал. Дарэчы, тут варта расказаць адзін з асноўных прынцыпаў "Краіны мараў": зусім не важна, дзе знаходзішся, зусім не трэба рабіць візу і пашпат мяняць, трэба толькі разумець і любіць родную беларускую мову, а браць удзел можна і тады, калі жывеш хоць у Папуа-Новай Гвінеі. Трэба выключна жаданне. Я, напрыклад, ведаю людзей, якія далучыліся да "Краіны мараў", а жывуць у Аўстраліі. У эпоху інтэрнэта ўсё магчыма, неабавязкова жыць менавіта ў Беларусі.

Насупраць беларускай мовы на сайце стаіць герб "Пагоня". Нядаўна стваральнік афіцыйнага дзяржаўнага стандарту спрадвечнага беларускага сімвала падаў у суд на тых, хто робіць варыяцыі герба – з дзяўчынай, з раварыстам… Што гэта па-вашаму, справядлівы позыў у суд за здзек са святога альбо спроба абмежаваць творчасць людзей?
"Пагоня" з раварыстам? Шчыра кажучы, яшчэ не бачыў такога! З аднаго боку, рабіць такія варыяцыі не зусім правільна, а з іншага боку, навошта абмяжоўваць творчасць людзей, тым больш яны беларусы і сапраўды любяць "Пагоню"?! Мяркую, што ў дадзеных варыяцыях герба няма знявагі, тым больш малюнкі зроблены для творчасці, а не для ўсеагульнага карыстання і замены стандартнай "Пагоні". Падаецца, што многія людзі звязваюць наш сімвал з палітыкай, з нейкімі апазіцыйнымі партыямі. Я так не лічу, бо гэта сімвал усіх беларусаў. Мне падабаюцца бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", аднак да нейкіх структур я ніякага дачынення не маю, мяне ўвогуле не асабліва цікавіць палітыка.

У грамадстве ёсць думка, што футбалісты ў апошнюю чаргу загавораць на беларускай мове. Практычна ніхто з гульцоў не карыстаецца мовай, за выключэннем удзелу Віталя Радзівонава ў "Дні Мовы" і Сяргея Крыўца, які калісьці вёў на роднай мове свой блог. Якім чынам да беларускай мовы прыйшлі вы?
Мяне заўсёды цікавіла наша мова. Аднойчы сустрэў выкладчыка, які заўсёды размаўляў па-беларуску. Мне спадабалася. А на той час я кепска размаўляў на роднай мове, з той сустрэчы пачаў шукаць беларускамоўны асяродак. У сацыяльных сетках спісаўся з людзьмі, якім таксама было цікава пагутарыць па-беларуску ў кампаніі, палепшыць сваё валоданне мовай. Адтуль усё і пайшло, пачаў стала размаўляць на мове. Цяпер сярод моладзі размаўляць па-беларуску гэта трэнд, пэўная мода. Ды і рэкламы на роднай мове становіцца больш, тыя ж запраўкі А-100 трэба адзначыць за тое, што іх персанал размаўляе па-беларуску. А з думкай аб тым, што футбалісты, маўляў, загавораць па-беларуску апошнімі, я не згодны. У айчынным спорце ўжо нямала тых, хто выкарыстоўвае беларускую мову. Гэта і футбаліст Віталь Радзівонаў, і тайбаксёр Віталь Гуркоў – адзін з лепшых байцоў планеты, іншыя людзі. Гэта цудоўна, калі людзі, якія з’яўляюцца кумірамі юных беларусаў, намагаюцца часцей ёй карыстацца, тым больш гэтыя памкненні шчырыя. Часта сустракаю меркаванне, што за мову трэба змагацца. Лічу, што на мове трэба проста размаўляць.


Дзесяціборац Андрэй Краўчанка бліскуча сказаў пра неабходнасць размаўляць менавіта на роднай мове. Ён прывёў прыклад, калі беларускія спартоўцы на міжнародных спаборніцтвах чуюць, як на сваіх мовах размаўляюць іх супернікі, і робіцца сорамна, што большасць нашых атлетаў ніколі не ўжывае беларускай мовы. Вы былі на матчах у іншых краінах. Адчувалі тое ж самае, што і наш чэмпіён Еўропы па лёгкай атлетыцы?

Так, і мяне такое пачуццё не абмінула. Напрыклад, едзеш у Партугалію, там усе размаўляюць па-партугальску, а прыязджае зборная Беларусі і гульцы паміж сабой гутараць на рускай мове. Яна цудоўная, але ўсё ж не наша родная. Асабліва гэта адчуваецца, калі перад матчам спяваеш гімн Беларусі, а ён жа на беларускай мове! Час вяртацца да свайго.

Сёлета мінскае "Дынама" і жодзінскае "Тарпеда" будуць гуляць у футболках з прозвішчамі на беларускай мове. На цэлым шэрагу стадыёнаў дыктары якасна працуюць менавіта па-беларуску. Як хутка да іншых клубаў прыйдзе разуменне таго, што ў чэмпіянаце незалежнай Беларусі так і мае быць?
Гэта павінна ісці далей. Я, дарэчы, сам пэўны час гуляў у Жодзіне за "Тарпеда" і добра памятаю, як мясцовы прэс-аташэ Сяргей Пузанкевіч працаваў. Апантана, са шчырай мовай. Так што ў будучыні беларускай мовы будзе больш.

У той жа час беларускамоўныя версіі сайтаў ёсць толькі ў мазырскай "Славіі" і мінскага "Дынама"…
Ну, не ўсё адразу. Канечне, упушчана шмат часу і толькі цяпер усё пачынае вяртацца да вытокаў, да каранёў. Ужо добра, што хаця б у "Славіі" з "Дынама" ёсць беларуская мова на сайце, а ў наступным сезоне, а можа нават і ў гэтым іншыя клубы падцягнуцца.

Важнасць беларускай мовы выдатна ўсведамляе любы беларускі патрыёт. Аднак мова не здолее вывесці зборную Беларусі на топ-турнір. Што на вашу думку неабходна змяніць у нашым футболе, каб зборная ўвасабляла вялікую сілу?
Аднойчы ў Італіі адчуў, чаму гэта краіна стала чэмпіёнам свету ў 2006 годзе. Едзем са зборнай на аўтобусе, а ў маленькім населеным пункце футбольнае поле на кожным кроку. У Беларусі трэба рабіць умовы ў тым ліку для дваровага футбола, выхоўваць культ гульні, тады ўся сістэма запрацуе. Шкада, што многім трэнерам, якія займаюцца з дзецьмі, мала плацяць.

Хто для вас з’яўляецца аўтарытэтам у футболе?
Не тое, каб аўтарытэт. Мяне часта запытваюць, каго я лічу лепшым беларускім гульцом. Называю Аляксандра Глеба, які пагуляў за "Арсенал" і "Барселону", а таксама цудоўную пару Валянцін Бялькевіч-Аляксандр Хацкевіч, якая выдатна гуляла за кіеўскае "Дынама" і за зборную Беларусі. Таму я вельмі шчаслівы, што Хацкевічу даручылі кіраваць нацыянальнай зборнай, мне здаецца, ён зробіць усё дзеля таго, каб вывесці яе на больш высокі ўзровень. Навіна пра раптоўную смерць Бялькевіча мяне вельмі засмуціла, вельмі важна, што Хацкевіч у сваім інтэрв’ю падкрэсліў, што любую перамогу нацыянальнай зборнай ён будзе прысвячаць памяці свайго сябра, вялікага беларускага футбаліста.

Упэўнены, што вы сочыце за чэмпіянатамі нашай краіны ў розных лігах. Што вас у іх найбольш радуе і што найбольш турбуе ў апошні час?
Пакуль фінансавае становішча ў бальшыні клубаў кепскае, гэта відавочна. Турбуе і стаўленне многіх людзей да футбалістаў, кшталту, чаго дармаеды яшчэ хочуць. Але задарма прафесіянал гуляць не павінен, ён хоча карміць сваю сям’ю і на футбольным полі страчвае здароўе. У нас што ні размова пра спорт, то асноўная тэма – грошы. А размовы пра футбалістаў-дармаедаў смешна чуць ад людзей, якія спортам ніколі не займаліся і максімум іх лучнасці з футболам ці хакеем – гэта прагляд матчаў па тэлевізары. Галоўныя крытыкі якраз такія, яны ніколі не ведалі сур’ёзных фізічных нагрузак, не сутыкаліся са спортам шчыльна. Усе мы людзі, хтосьці працуе на заводзе, хтосьці на футбольным полі. І калі рабочы не задаволены сваім заробкам, дык у гэтым вінаваты не футбаліст, тым больш у нашай краіне футбалістам часта не плацяць абяцаныя прэміяльныя, а часам нават аклад выдаюць не ў поўным аб’ёме. Усе прафесіі важныя, і інжынер, і футбаліст.

"Зорка-БДУ", за якую вы гулялі, даволі маленькі сталічны клуб. Маленькая групка фанатаў, частка футбалістаў знаёмая паміж сабой яшчэ з дзяцінства. Гэта сапраўды была сям’я?
Бясспрэчна. У нас у камандзе была выдатная атмасфера, узаемадапамога. Галоўны чалавек у "Зорцы-БДУ" – Уладзімір Пігулеўскі, нестандартная асоба, якую заўсёды было цікава слухаць. У нас кажуць, што атмасфера ў БАТЭ сямейная, але там больш высокі ўзровень. А ў ніжэйшых лігах сям’я створана якраз у "Зорцы-БДУ". Калі чалавек ходзіць на трэніроўкі, як дадому, то пачуваецца выдатна. З фанатамі мы добра размаўлялі, у клубаў першай ці другой лігі іх не так і шмат. На гасцявы матч яны дабіраюцца як могуць, а назад ужо едуць з намі на клубным аўтобусе, распавядаюць пра свае справы. Мне цяжка зразумець, чаму гэтыя людзі падтрымліваюць менавіта "Зорку-БДУ" і дзе яны шукаюць матывацыю для таго, каб ехаць за клубам па ўсёй Беларусі, аднак малайцы, заўсёды прыемна, калі цябе з трыбуны падрымлівае група заўзятараў са сцягамі і спевамі.

Якую смешную гісторыю ўзгадаеце?
Любы, хто займаецца футболам 6-7 гадоў і больш, з’яўляецца носьбітам вясёлых гісторый, бо ў нашай гульні без іх не выжывеш. Напрыклад, у футбалістаў свая мова, унікальныя выразы. У свой час я прыходзіў у школу пасля трэніроўкі і, натуральна, размаўляў там так, як і на футболе, з дзіўнымі слоўцамі. Напрыклад, неперакладальны выраз "Ты чё, травишь?" Так што ў футбалістаў свая атмасфера, свая мова, "аякс на дыскатэках". Іншыя глядзяць збоку і здзіўляюцца "што яны твораць?", а тыя, хто ў тэме, выдатна ўсё разумее.

Юрый Юрчанка

Так усё ж, якую гісторыю можаце распавесці?
Гуляў я за рэчыцкі "Ведрыч-97". Наймалі кватэру, нас было чацвёра. Аднойчы пайші мы ўтраіх гуляць, а чацверты застаўся ў кватэры. Прыходзім апоўначы, а мо’ нават і пазней, а дзверы зачыненыя знутры, ключ пакінуты ў замку. Грукаемся, звонім – ніхто не адчыняе. А заўтра ж раніцай трэніроўка, мы ведаем, што наперадзе сур’ёзныя нагрузкі і перад імі трэба выспацца. Выйшлі на вуліцу, пачалі кідаць дробныя каменьчыкі ў шкло, каб ён пачуў і прачнуўся. Ноль рэакцыі! Ладна, думаем, возьмем камяні паболей. Але і на гэты раз нічога не дапамагае. Што ж рабіць? Ужо глыбокая ноч, і машыны нават перасталі ездзіць. Ай, давайце, хлопцы, біць шкло. Неверагоднае пачуццё – бярэш вялікі камень і шпурляеш яго ў вакно. Шкло мы высадзілі, але сусед так і не прачнуўся. Гэта пры тым, што ён спаў якраз у гэтым пакоі з пабітым шклом! У выніку недзе праз паўгадзіны ён падняўся і млява спытаў "што вы хочаце?" Адчыніў дзверы, і мы, нарэшце, апынуліся ў кватэры і леглі спаць. На наступны дзень нам сказалі, што варта зашкліць вакно як мага хутчэй. Бо вокны выходзілі на галоўную плошчу Рэчыцы і шмат хто ў горадзе ведаў, што гэта кватэра, якую наймаюць футбалісты.

Вы гулялі за "Ведрыч-97" тады, калі клуб трэніраваў Аляксандр Бразевіч, які ён чалавек?
Дастаткова інтэлігентны чалавек, цудоўна разбіраецца ў футболе. Перакананы, калі б у "Ведрыча-97" было добрае фінансаванне, Бразевіч бы вывеў клуб у вышэйшую лігу, нават не сумняюся ў тым.

А разносы былі?
Ой, разносы былі. Здаралася, пасля пройгрышу нас пакідалі ў раздзявальні і мы па тры гадзіны пераглядалі відэазапіс матчу, разбіралі памылкі. Праз нейкі час Бразевіч адыходзіў ад эмоцый і спакойна тлумачыў, што правільна, а што не. У Беларусі любы трэнер павінен быць найперш псіхолагам. Мне пашчасціла гуляць за юнацкую зборную, калі яе трэнерам быў Павел Раднёнак. Ён на ўстаноўцы перад адказнай гульнёй любіў казаць: "Мы рождены, чтоб сказку сделать былью!" Гэта сапраўды натхняла!

Даўно вядома, што ніжэйшыя лігі Беларусі — цэлая скарбніца гісторый. Судзейскі "сплаў", зламаныя аўтобусы, "бульбяныя" палі… Што ўзгадаеце вы?
Судзейскай адвольнасці цяпер менш, усюды відэакамеры. А раней маглі ў якім-небудзь Светлагорску бессаромна сплавіць каманду і нічога не дакажаш. Ну, а ў мяне была невясёлая гісторыя. Каманда, за якую я гуляў, не буду называць назву і прозвішчы дзеючых асоб, не атрымлівала грошы. Адмаўляліся ехаць на выезд, не ішлі ў аўтобус. Нас угаворвалі дырэктар клуба, нехта з кіраўніцтва горада, мабыць нават мэр. На такі вось узровень выйшлі!

Якія айчынныя гурты вы слухаеце?
Слухаю розную музыку, не магу вылучыць штосьці адно. Слухаю "Ляпісаў", яшчэ шэраг нашых вядомых гуртоў, але не скажу, што болей за ўсё слухаю нешта адно.

Які рэгіён Беларусі вам падабаецца больш за ўсё. Можам апусціць Мінск, бо гэта ваша малая радзіма.
Тады, відаць, Рэчыца. Я правёў там паўтара сезоны. Цікавы гарадок, Дняпро, прыгожая прырода. Атмасфера, як і заўсёды ў маленькіх гарадах, асаблівая. На матчы быў чалавек, не ведаю, адзін ці іх многа было, які крычаў: "Вярніце нашы грошы!" На кожным матчы крычаў! (смяецца). Многія гараджане нас пазнавалі, пры сустрэчы ў горадзе хтосьці ляпаў па плячы і жадаў поспеху, а хтосьці ў краме мог сказаць: "Хто, футбалісты? Зноў па піва прыйшлі?"

Наступнае відэа "Тэлебачання Краіны Мараў", мяркую, будзе на тэму спорту?
Шмат ідэй наконт працягу. Магчыма, з’явіцца іншая рубрыка, там будзе больш спорту, экстрыму. А "Тэлебачанне Краіны Мараў" праз смешнае перадае сур’ёзнае. Ставім на мэце жартам падаць карысную інфармацыю.



Комментарии (13)