2020-05-27 19:10:15
Спорный момент

"Гледзьма" разам! У дапамогу беларускаму футбольнаму каментатару

"Гледзьма" разам! У дапамогу беларускаму футбольнаму каментатару Беларускі футбол, што нечакана апынуўся на хвалі сусветнага хайпу, на шчасце, каментуюць і на роднай мове. Pressball.by паглядзеў матч "Белшына" — "Віцебск", на якім працаваў Дзмітрый Герчыкаў. Асобныя моманты хочацца абмеркаваць.

Адразу падкрэслім: каментарый па-беларуску — гэта крута і неабходна. Чаму сёння дзеці вывучаюць беларускую мову як замежную, ужо пісалі тут. Роднае слова трэба шанаваць, дэманстраваць, што яно да месца не толькі ў музеі або тэатры. Файна, што ў пуле каментатараў "Беларусь 5" ёсць Павел Баранаў і Дзмітрый Герчыкаў, бо новая хваля — Уладзіслаў Татур, Яўген Табула — вядуць рэпартажы выключна па-руску.

На адным з нядаўніх матчаў Баранаў і Герчыкаў працавалі разам, але, на жаль, гэту гульню вылавіць з эфіру не атрымалася. А вось гульня "Белшына" — "Віцебск" на вока трапіла. Каментатару — хвала і пашана, але ж вуха за сёе-тое зачапілася. Спадзяемся, назіранні для кагосьці будуць карыснымі.

ЛІТАРАТУРНАЕ ВЫМАЎЛЕННЕ, ГРАМАТЫКА

Аспекты, якім каментатары надаюць недастаткова ўвагі. Але ж веданне арфаэпічных і граматычных норм — першы паказчык, па якім ацэньваюць майстэрства прамоўцы.

— "Белшына" губляе ініцыятыву і ўсе казыры́.

У вінавальным склоне мн. л. націск на першы склад — ко́зыры.

— Салановіч праходзіць па фланзе.

— Няблага па фланзе ідзе перадача!

Памылка, якую каментатар робіць паслядоўна. Фланг — назоўнік другога скланення мужчынскага роду. Трэба памятаць, што ў месным склоне канчатак маюць назоўнікі з асновай на к (рынак — на рынку), а таксама даволі вялікая група назоўнікаў з асновай на г, х, сярод якіх і словы іншамоўнага паходжання (аб маркетынгу, шэзлонгу, штрыху). Фланг, у сваю чаргу, прыйшоў у беларускую мову з французскай.

Усе формы футбольнага назоўніка з граматычнага слоўніка: фланг — НВ фланг, фланга, ДМ флангу, флангам; мн. НВ флангі, флангаў, флангам, флангамі, флангах.

— Ён можа паўдзельнічаць у гэтай атацэ.

Форма вінавальнага склону адз. л. — у атацы.

Гледзьма на лаву — адтуль ідзе сігнал ад асістэнта Сяргея Ясінскага.

Больш цікавы прыклад з маўлення Дзмітрыя Герчыкава. Эпізадычна ў СМІ, рэкламу вяртаюцца ўстарэлыя формы загаднага ладу 1-й асобы мн. л. з канчаткам -ма: шчыруйма, шукайма… Гэта абумоўлена актуальнай для беларускамоўнага асяродку цікавасцю да норм пачатку ХХ ст.: нясема, лійма, выкарыстаннем такіх форм у літаратуры ХIХ і ХХ стст.: "Браточкі, кідайма скокі і спевы" (Я. Баршчэўскі); "Будзьма асцярожнымі" (Я. Маўр); іх наяўнасцю ў паўднёва-заходніх гаворках (загад. б’ажымо, аб’едайма, абвесны жыв’емо, купимо), ва ўкраінскай літаратурнай мове (загад. побачмо, ходімо, абвесны напишемо, зробимо). Найбольш верагодным каталізатарам, як адзначае лінгвіст Кацярына Ганчарэнка з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, з’яўляецца назва-слоган незалежнай грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" (2008) і семантыка сумеснага дзеяння "я + вы". Даследчыкі рэкамендуюць для 1-й асобы мн. л. выкарыстоўваць формы, якія супадаюць з будучым часам абвеснага ладу: усміхнёмся. Таксама не ўсе дзеясловы могуць утвараць форму загаднага ладу з -ма (напрыклад, зваротныя з постфіксам -ся). У асноўным -ма далучаецца да дзеясловаў з асновай на -й, -дзь, -нь у загадным ладзе (заказвайма, сядзьма, сядайма, кіньма).

Звернемся да электроннага нацыянальнага корпусу беларускай мовы, агульны аб'ём якога складае больш за 163 млн словаўжыванняў. Калі, напрыклад, форм будзьма сустракаецца шмат: "Браты мае! Будзьма гатовы!" (Я. Колас); то форма гледзьма — толькі аднойчы (!) і нават не ў тэксце мастацкай літаратуры, а ў газетным артыкуле: "Ня менш уражвае і п’еса паводле Тома Стопарда "Ўваходзіць свабодны чалавек". Глядзіцца як гімн марнасьці. Таксама гледзьма ў Купалаўцаў "Эрыка ХІV" і "Івону, прынцэсу Бургундзкую" паводле В. Гамбровіча. Прэм’еры каштуюць да 8 тыс" ("Наша Ніва").

Прыведзены тэкст рэкламнай занатоўкі не адпавядае сучасным правілам беларускай арфаграфіі, якіх сёння прытрымліваюцца і аўтары "Нашай Нівы".

Калі падсумаваць, у фразе каментатара нельга казаць пра памылку, але і літаратурнай форму гледзьма назваць нельга. З іншага боку, норму фарміруе маўленне, і калі заўтра кожны пачне выкарыстоўваць формы на -ма, то верагодна, што з цягам часу яны будуць уключаны ў слоўнікі сучаснай мовы.

— Нагадаю, што ў гасцёх 22 траўня трэба будзе "Белшыне" змагацца.

Сітуацыя нагадвае ўжо акрэсленую, але тут усё больш адназначна. Форма меснага склону мн. л. з граматычнага слоўніка — у гасцях: "Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы" (Я. Колас).

Нацыянальны корпус беларускай мовы змяшчае адзіны прыклад ужывання формы гасцёх у мастацкай літаратуры: "Аб якіх жа гасцёх яшчэ, меджду протчым?" Фразу на трасянцы ў "Тутэйшых" Янкі Купалы вымаўляе Мікіта Зносак, герой, які забыў сваё паходжанне, мову, радзіму.

Пагле́дзім, як надалей будзе складвацца лёс 14-га нумара "Віцебска".

Правільная форма дзеяслова — паглядзі́м. Пра слова надалей — у наступным пункце.


ЗНАЧЭННЕ БЕЛАРУСКІХ СЛОЎ

Нярэдка каментатар імкнецца выкарыстаць трапнае беларускае слова, але атрымоўваецца падчас не вельмі ўдала. Яшчэ некалькі фраз з надалей:

— Пайшло б надалей да адрасата — яшчэ былі б нейкія надзеі.

— Зыходзіць ад Клапоцкага і надалей аддае перадачу…

— А што надалей? Надалей зноў Вандарсан. Прыйшоў, паштурхаў.


Прыслоўе надалей на рускую мову можна перакласці як впредь, в будущем (чтобы впредь боялись), на потом (отложить на потом). Менавіта ў такіх значэннях надалей выкарыстоўваецца ў мастацкіх тэкстах: "Так заўсёды было ў гісторыі, і будзем спадзявацца, што так будзе і надалей" (В. Быкаў). Відавочна, каментатар не размяжоўвае словы надалей і далей (рус. далее).

— Зноў Гурэнка наперад вырушвае.

— Туды зараз вырушвае Кірыл Маляроў, як правы паўабаронца будзе дзейнічаць.

— Тройка гульцоў вырушвае на размінку.

— Глядзіце, зараз Конан Варвар сапраўдны быў, вырушыў на пазіцыю апорнага паўабаронцы, усіх раскінуў — сваіх, чужых.

— З лікам 1:1 гатовыя вырушыць у распранальні.

Як і надалей, улюбёнае слова каментатара. Але выкарыстоўваецца нават з дзвюма памылкамі. У беларускай мове ёсць дзеяслоў вырушаць (рус. отправляться): "Ёсць такое рашэнне: Алесю і Андрэю вырушыць у разведку" (Я. Брыль). Але ў дзеяслова вырушаць няма формы вырушвае — ёсць вырушаю, вырушаеш, вырушае, вырушаем, вырушаеце, вырушаюць. Па-другое, у прыведзеных кантэкстах лепш было б выкарыстоўваць дзеясловы высоўвацца, вылучацца (рус. выдвигаться) або рухацца (рус. двигаться), рушыць (рус. двинуться), або звярнуцца да сінонімаў: ісці, падавацца, прасоўвацца, пасоўвацца, сунуцца, кіравацца, накіроўвацца…

— Рэкіш грае чыстага другога форварда.

Граць можна на дудзе ці фартэпіяна (на музычных інструментах не гуляюць), гуляць — у футбол, хакей. У прыкладзе вышэй лепш скарыстацца апісальнай канструкцыяй накшталт "выконвае функцыі".

— Ксенафонтаў далучаецца да фінальнага гурту наступу.

— Гурэнка ды яго партнёры па гурту наступу.


Беларускае слова гурт на рускую мову можна перакласці як гурьба, ватага, толпа, у іншых значэннях — як ансамбль або стадо. Канешне, у футбольным кантэксце лепш выкарыстоўваць слова група.

УПЛЫЎ РУСКАЙ МОВЫ


— Сяргей Ясінскі нервуецца, ведаеце, быццам чалавек, які знаходзіцца побач з сусветным глабальным адкрыццём. Не хапае апошняга, каб давесці свае вопыты-экзерсісы да плённай высновы.

Рускае слова опыт мае беларускі адпаведнік вопыт, калі вопыт гэты жыццёвы ці педагагічны. У прыведзеным кантэксце лепш было б сказаць дослед (рус. исследовательский опыт). Ну а запазычанне з французскага экзерсіс (практыкаванне для развіцця і ўдасканалення тэхнікі выканання танца, музыкі) проста не падыходзіць па сэнсе: свае экзерсісы — тое, што нехта робіць самастойна, аднак для доследу футбольны трэнер выкарыстоўвае каманду.

— Ледзь гэта не канвертавалася ў мяч "Віцебска"!

Адпаведнік для рускага дзеяслова конвертировать канверсаваць, а не канвертаваць.

Саздае вольную прастору.

Зноў русізм — стварае.

— Воплескі вам чуваць — гэта месныя заўзятары.

Месны = рускае предложный (падеж), мясцовы = рускае местный.

— Нас з вамі цікавяць такія гульцы, якія могуць дакладнай перадачай разбурыць шчыльныя муры, якія выбудавалі віцябляне на шляху саперніка.

Дзеяслоў шчыльны на рускую мову можна перакласці як плотный (шчыльны слой пылу — плотный слой пыли) або тесный: "У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку" (В. Быкаў); "Паміж намі ўстаў яго высокі шчыльны плот" (Я. Брыль). Можна было б ужываць слова ў канструкцыях шчыльныя шэрагі футбалістаў, шчыльная абарона, але пра мур (рус. каменная кирпичная стена, кладка, каменное здание) лепш сказаць моцны (рус. крепкий).

— Скончыў свой рух на газоне зялёным, на траве-мураве.

Слоўнікі прапаноўваюць форму мурава, але ёсць і мілы беларускаму вуху мурог: "Мурог! Ды што за травіца!" (Я. Колас); "Аб гэтым вам найлепей скажа // За ручаём зялёны лог // Шумлівы лес, што лёс нам важыў // Ды ў пуні ўтоптаны мурог" (Я. Купала).

— Нячаеў дэманструе, што ёсць яшчэ ў яго крышачку імпэту для таго, каб паскорыцца.

Беларускі імпэт — гэта рускія порыв, порывистость, пыл, пылкость, стремительность. Можна гуляць з імпэтам (=з жарсцю), але ў кантэксце вышэй слова выглядае крыху недарэчна.

АДМЕТНЫЯ СЛОВЫ І КАНСТРУКЦЫІ

Зразумела, што найбольш складана беларускамоўным каментатарам пазбавіцца ка́лек з рускай мовы.

— О, тут як пайшло! Скітоў супраць Рэкіша! І гэта я кажу не пра гульню адзін у адзін, гэта ўжо спроба высветліць адносіны на кулаках ці то на штуршках адно аднаго.

Слоўнікі не забараняюць высветліць адносіны, але як бы выразна прагучала тое ж, калі б мы выкарысталі, напрыклад, фразему кулакамі пачаставаць ці лазы даць, ці кія ўсыпаць, ці дубца даць (уліць)?..

"Голас Сяргея Ясінскага ў цішы стадыёна, быццам тая іерыхонская труба, разносіцца" — аднолькава гучыць і па-руску, бо фразеалагізм ужываецца ў абедзвюх мовах. А вось "Ясінскі нема крычыць, немым духам (голасам) крычыць" расійскія каментатары наўрад ці скажуць.


Таму напрыканцы маленькая падказка для тых, хто будзе спрабаваць сябе ў каментарыі на роднай мове. Прыгадаем беларускія адпаведнікі для рускіх устойлівых выразаў, якія могуць спатрэбіцца ў футбольным кантэксце.

Без малого (5/10/15 минут остается играть) — Блізка што
Будто снег на голову (свалился) — Быццам з неба спаў = Як з хмары спаў
Валиться с ног — Кулём падаць = З капылоў далоў = Хоць ногі на плечы бяры
В два счета — Адным скокам
В двух шагах — Крок ступіць
В конце концов — Урэшце (нарэшце, зрэшты)
Во всяком случае — У кожным разе
Время от времени — Час ад часу = Калі-нікалі
Выбиться из сил — З духу выбіцца = З сілы выбіцца = Знемагчыся = Знябыцца = Знясілець (знясіліцца)
Дать маху — Пудла даць = Не на тую нагу бот надзець = Схібіць
Дух захватывает — Духі (дух) займае (зацінае) = Дух забівае
Едва ноги волочить — Ледзьве ногі перастаўляць = Ног змяніць не можа
Еще бы — Дзіва што
Изо всех сил — На ўсе жылы = Што моцы
Из пушки по воробьям (палить) — За мухай з абухам = За камаром з малатком
Как вкопанный (застыл) — Як скамянелы = Як прыкуты = Як стропаны (спутаны)
Как ни в чем не бывало — Як ніколі нічога = Як нічога ніякага
Как по маслу — Як на мазаных колах
Кот наплакал (моментов, ударов) — З жабіны прыгаршчы = Як кату пад'есці
Менять шило на мыло — Дуплятае на прабітае мяняць = Гаршчок на гліну мяняць
Метать громы и молнии — Перуноў даваць
Набить оскомину — Аскомы нагнаць = Абрыднуць
Не дай бог — Крый Божа (Бог)
Не обращать внимания — Не зважаць
Не сводить (не спускать) глаз — З вока не выпускаць
Один на один — Сам-насам
Один-одинешенек — Адзін-аднюткі = Адзін-адненькі = Адзін-адным
Одним махом — За адным скрыпам = За адным свістам
Очертя голову — Як чорт падсмалены = Як жару пад хвост насыпалі
Под горячую руку — На гарачы зуб
Пойти прахом — З ветрам пайсці
Потерять из виду — З вока спусціць = З вачэй згубіць
Раз за разом — Раз-пораз (раз-поразу)
Рука об руку — Поруч
Руки опускаются — Рукі ападаюць
С глазу на глаз — На чатыры вокі
Сломя голову — На скрут (на злом) галавы
Смотреть в оба — На ўсе вочы глядзець
Трепать нервы (защитникам) — Нервы тузаць = Вантробы ад'ядаць (пераядаць) = Вантробы выцягваць (даставаць)
Упасть как подкошенный — Пакаціцца (паваліцца, кульнуцца) як сноп = Кулём легчы
Хоть отбавляй — Хоць дарма аддавай = Хоць каўшом бяры
Яблоку негде упасть (в штрафной) — Носа не ўбіць


Футбол па-беларуску: топ праблем, з якімі сутыкаюцца каментатары

Biełaruskaja łacinka — што гэта? Навошта?

...

Беларускамоўны каментарый, спадзяемся, можна будзе пачуць і ў 11-м туры.

EuroБет: мінскае "Дынама" пераможа "Шахцер" — 3.25, адбудзецца нічыя — 3.35, "Шахцер" пераможа мінскае "Дынама" — 2.25.



EuroБет: БАТЭ пераможа "Іслач" — 3.25, адбудзецца нічыя — 5.30, "Іслач" пераможа БАТЭ — 10.50.


FavBet прадастаўляе магчымасць зрабіць стаўку на любыя спартыўная падзеі да 100 BYN і верне суму стаўкі, калі тая не згуляе, усім новым кліентам кампаніі (раней не зарэгістраваным на сайце favbet.by).


Вы таксама можаце выкарыстоўваць хуткія аперацыі на банкаўскай карце.




Комментарии (35)